Пошук

13.06.2019 16:12   Паводле: Grodnensis.by / Фота: Аліна Пяценка / Catholic.by

12 чэрвеня, на другi дзень Парафіяды дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, яе ўдзельнікі паказвалі свае сцэнічныя і музычныя здольнасці, а таксама веданне Святога Пісання і гісторыі Касцёла. Пад вечар сталі вядомыя імёны першых пераможцаў.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, кожны дзень Парафіяды пачынаецца і заканчваецца малітвай. Моладзь ахвотна збіраецца ў святыні: на пачатку дня просіць аб Божым благаслаўленні, на заканчэнне дзякуе за ўсе дары і ласкі. Пасля святой Імшы, якую на пачатку другога дня форуму ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, праходзілі розныя конкурсы.

Лейтматывам другога дня Парафіяды ў Гродне сталі словы «Людзі, якія прысвячаюць сябе іншым».

Гэтымі словамі арганізатары хацелі заахвоціць удзельнікаў да служэння адзін аднаму і прасілі, каб на працягу дня ўдалося зрабіць прынамсі адзін добры ўчынак для іншага чалавека.

Увечары другога дня Парафіяды былі абвешчаны першыя пераможцы некаторых конкурсаў. Удзельнікі з хваляваннем чакалі гэтай хвіліны. Першыя медалі, дыпломы і кубкі былі ўручаны ў тэатральнай зале пры гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля (Дзевятоўка), дзе ўдзельнікі правялі ўвесь дзень.

Былі ўзнагароджаны пераможцы конкурсу ведаў «Жыццё і гісторыя Касцёла», конкурсу малюнкаў i спаборніцтваў па бадмінтоне.

Усе, каго арганізатары выклікалі на сцэну, заслужылі гучныя апладысменты. Пераможцы з вялікім гонарам прымалі медалі: золата, срэбра і бронзу.

Трэба прызнаць, што атрымаць перамогу на Парафіядзе — вялікі гонар і велізарная радасць. Але, як адзначае ўдзельніца сёлетняй сустрэчы Валерыя Грыгелевiч з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля, важная не перамога, а ўдзел.

«Нават калі з гэтай сустрэчы хтосьці вернецца без узнагароды і медаля, важна, што ён быў тут, што разам з іншымі будаваў супольнасць і вучыўся служыць і любіць», — лічыць яна.

Абноўлена 13.06.2019 16:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа