Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі вернікам Пінскай дыяцэзіі
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!
У сувязі з юбілейным датамі служэння біскупа Казіміра Велікасельца заклікаю вас да малітвы і ўдзячнасці Пану Богу і Яго Эксцэленцыі за шматгадовае пастырскае служэнне.
Біскуп Казімір з’яўляецца дапаможным біскупам і генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі, апякуецца душпастырствам у межах Гомельскай вобласці. Сёлета ён адзначае шэраг важных дат: 35 гадоў святарства і 20 гадоў біскупскага служэння.
Таму прашу ксяндзоў пробашчаў Пінскай дыяцэзіі, а таксама ўсіх, каму на працягу жыцця служыў біскуп Казімір, аднесціся да гэтых падзей і яго асобы з належнай увагай. Прапаную і заахвочваю, каб у загадзя акрэслены час запрашаць шаноўнага юбіляра ў свае парафіі на святую Імшу падзякі з удзелам як найбольшай колькасці вернікаў. Пры гэтым асабліва заклікаю маліцца аб новых і шматлікіх пакліканнях да Божай службы ў пінскім Касцёле.
Біскуп Казімір нарадзіўся ў 1945 годзе ў парафіі Шэрашава. Яго дзяцінства прайшло ў часы, калі атэістычныя ўлады пазбавілі вернікаў іх святыні і душпастыра на доўгія 45 гадоў. Падрастаючага хлопца тата на ровары вазіў за 60 кіламетраў у касцёл у Кобрыне. Там юнак прыступіў да першай споведзі і святой Камуніі. Пасля заканчэння сярэдняй школы і трохгадовай службы ў войску Казімір паехаў у Вільню, дзе працаваў на будоўлях 10 гадоў. Там ён таксама рэгулярна ўдзельнічаў у св. Імшы, вёў сціплае жыццё, пасяліўшыся ў інтэрнаце для працоўных.
У 1976 годзе будучы святар і біскуп адчуў пакліканне да Божай службы і распачаў старанні аб паступленні ў духоўную семінарыю. Шэсць гадоў савецкія ўлады не давалі яму на гэта дазволу.
Патаемна Казімір уступіў у ордэн дамініканаў і таксама патаемна праходзіў фармацыю ў «падпольнай семінарыі» ў Мядзведзічах (Ляхавіцкі раён) пад кіраўніцтвам ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага. Адначасова Казімір працаваў качагарам у Ляхавічах.
Улада, якая ваявала з Касцёлам, усяляк імкнулася ціснуць на маладога чалавека, каб адбіць у яго жаданне стаць святаром. Між іншым, яму пагражалі стратаю маёмасці. Атрымаўшы нарэшце дазвол на паступленне ў семінарыю, Казімір Велікаселец скіраваўся ў Рыгу, дзе тры гады вучыўся ў духоўнай навучальнай установе. У 1984 годзе ён стаў святаром.
З 1984 па 1991 гады ксёндз Казімір быў пробашчам у парафіях у Ішкалдзі, Паланечцы і Сталовічах, прычыніўшыся да аднаўлення касцёлаў у гэтых і іншых мясцовасцях. На хвалі палітыкі перабудовы яму ўдалося вярнуць і адрэстаўраваць касцёлы ў Юшкавічах, Гарадзішчы і Крошыне пасля 45-гадовага запусцення.
Дзякуючы ксяндзу Казіміру быў падняты з руін касцёл у Новым Свержані, помнік архітэктуры XVI стагоддзя. Таксама ён аднавіў парафіяльнае жыццё ў Стоўбцах, дзе вернікі пазбавіліся святара яшчэ ў 1943 годзе. Тады нацысты расстралялі пробашча ксяндза Юльяна Дудзінскага, а ў 1953 годзе савецкія ўлады ўзарвалі старажытны дамініканскі касцёл. Займаўся ксёндз Казімір і аднаўленнем рэлігійнага жыцця ў Міры. Там таксама яго намаганнямі была вернута парафіі святыня XVI стагоддзя. У 1990 годзе ксёндз Казімір адбудаваў касцёл у Карэлічах, які айцы з ордэна палацінаў пакінулі яшчэ ў 1939 годзе, ратуючыся ад савецкай улады. Усе гэтыя гады касцёл выкарыстоўваўся як склад для шклатары. Таксама з яго дапамогай адрадзілася парафія ў Гарадзеі, дзе касцёл у савецкія часы быў ператвораны ў піўны бар.
З 1991 па 1999 год, пасля таго, як ксёндз Антоні Гэй паехаў на душпастырскую працу ў Маскву, ксёндз Казімір служыў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа і дэканам у Баранавічах. У тыя ж гады ён запрасіў на працу ў Беларусь сясцёр з супольнасці святога Дамініка. Баранавіцкая парафія Узвышэння Святога Крыжа стала іх першым месцам служэння на Беларусі. У гэты перыяд ксёндз Казімір пабудаваў касцёл у вёсцы Лясная каля Баранавічаў, дзе душпастырства было перарванае падчас вайны. Дзякуючы яго намаганням удалося атрымаць месца пад будаўніцтва касцёла святога Зыгмунта ў Баранавічах і закласці яго падмуркі.
24 чэрвеня 1999 года ксёндз Казімір Велікаселец атрымаў біскупскае пасвячэнне з рук кардынала Казіміра Свёнтка ў Катэдральным касцёле ў Пінску.
З таго часу ён з’яўляецца членам Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, у якой, між іншым, у розныя гады каардынаваў пытанні, звязаныя з душпастырствам кансэкраваных асобаў, пілігрымак і інш. Адначасова, у перыяд з 1998 па 2008 год, Казімір Велікаселец быў пробашчам і дэканам у Брэсце. У галоўным касцёле абласнога цэнтра ён зрабіў шматлікія рамонты і здзейсніў аднаўленне алтароў, усталяваў арган. Ён рэгулярна арганізоўваў у Брэсце канцэрты арганнай музыкі і развіваў культ Маці Божай Брэсцкай, упарадкаваў тэрыторыю каля касцёла.
У гэтым горадзе, пасля таго як папярэдні пробашч — кс. Збігнеў Кароляк — быў дэпартаваны і новаўтвораная парафія св. Юзафа ў мікрараёне Кавалёўка была пазбаўлена выдзеленага ёй месца пад пабудову касцёла, біскуп Казімір здолеў вярнуць выдзелены пляц і распачаць будаўніцтва святыні. Гэтую працу паспяхова працягнуў і завяршыў ксёндз пралат Антоні Гэй.
Пад кіраўніцтвам біскупа Казіміра актыўна развівалася душпастырская праца ў Брэсцкім рэгіёне.
Была адроджана парафія ў Маларыце і прыстасаваны пад культавыя патрэбы будынак, наладзілася катэхізацыя. Усё гэта здзейснілася пасля вымушанага 60-гадовага перапынку. Падобнае адбылося і ў Століне. А ў Лунінцы біскупу Казіміру ўдалося вярнуць разам з вернікамі касцёл св. Юзафа, які ў свой час беззаконна занялі і выкарыстоўвалі прадстаўнікі іншай канфесіі.
На працягу пяці гадоў біскуп Казімір жыў у Пінску. Там, у тагачаснай Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага, ён спавядаў семінарыстаў, удзяляў ім паслугі і прамаўляў духоўныя настаўленні. Быў блізкім памочнікам кардынала Казіміра Свёнтка. Калі кардынал адышоў у вечнасць, біскуп Казімір арганізаваў яго пахаванне. Пасля ён дапамагаў у кіраванні Пінскай дыяцэзіяй арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, які часова выконваў функцыі Апостальскага адміністратара.
Апошнія шэсць гадоў біскуп Казімір Велікаселец працуе ў Гомелі. Там ён распачаў будаўніцтва новага касцёла і паклапаціўся аб часовай капліцы для вернікаў. На душпастырскае служэнне ў гэтым горадзе біскуп запрасіў святароў з супольнасці айцоў паўлінаў. Біскуп Казімір мае сваіх шматлікіх духоўных дзяцей. Плён яго працы — гэта вялікая колькасць пакліканых да святарскага і манаскага жыцця. Гэтыя асобы служаць Касцёлу не толькі па ўсёй Беларусі, але і ў іншых краінах.
Набажэнствы з удзелам біскупа Казіміра Велікасельца, якія будуць праводзіцца ў парафіях і манаскіх супольнасцях у бліжэйшыя месяцы, няхай стануць выразам нашай удзячнасці Богу за дар служэння шаноўнага пастыра ў Касцёле Пінскай дыяцэзіі.
Няхай гэтыя пабожныя сустрэчы стануць выразам падзякі за яго ўнёсак у адраджэнне Касцёла ў Беларусі.
Прашу таксама маліцца аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. У нашай дыяцэзіі многія парафіі надалей не маюць і чакаюць свайго душпастыра. Няхай Бог благаславіць наш Касцёл. Няхай Духоўная семінарыя ў Пінску, пабудаваная на пастырскім падмурку Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага і сведкі веры кардынала Казіміра Свёнтка, будзе і надалей месцам фармацыі руплівых і ахвярных пастыраў на нашай зямлі.
Пінск, 9 чэрвеня 2019 года, ва Урачыстасць Спаслання Духа Святога.
+ Антоні Дзям’янка, Біскуп Пінскі
P.S. Гэтае паведамленне неабходна абвясціць вернікам падчас кожнай св. Імшы 9 чэрвеня 2019 г. ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога і размясціць на дошцы аб’яваў на ўвесь 2019 год.