Пошук

06.06.2019 10:09   Тэкст і фота: Таісія Капыціна / Catholic.by

Сёлета вернікі парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Мінску не зусім звычайна распачалі свой сезон пілігрымак. Упершыню тут аб’явілі конкурс на лепшы маршрут для падарожжа па святынях Беларусі.

У парафіі на Кальварыі ёсць традыцыя ў першую суботу чэрвеня збірацца ў пілігрымку. Раніцай 1 чэрвеня каля 50 чалавек прыйшлі да касцёла. Надвор’е спрыяла, але не забыліся пра парасоны — на ўсялякі выпадак. Вандроўцы дасведчаныя: з сабой яны ўзялі зручны абутак, каву і бутэрброды.

Сярод пілігрымаў былі і людзі сталага ўзросту, і дарослыя, і дзеці. Для вучняў нядзельнай школы гэтая паездка стала асаблівым падарункам на заканчэнне навучальнага года.

«Я еду ўжо трэці раз, заўсёды з задавальненнем, мне падабаюцца каталіцкія святыні і прыгажосць нашай краіны. Мне вельмі падабаецца нават проста ездзіць па Беларусі», — сказала Вераніка Дубаневіч, вучаніца нядзельнай школы пры парафіі.

«А я еду першы раз, але чакаю, што будзе цікава і весела», — падтрымала сяброўку Анастасія Цімафіевіч, таксама вучаніца нядзельнай школы.

Гэтым разам вернікі адправіліся ў падарожжа па Гродзенскай вобласці: Дуды, Іўе, Тракелі, Воранава, Геранёны, Суботнікі, Лаздуны. Па дарозе наведвалі і святыні, і помнікі архітэктуры. У канкурэнтаў аўтара маршрута, Леаніда, магчыма, і шанцаў не было: парафіянін — былы экскурсавод.

«Для конкурсу я прадставіў 26 маршрутаў, і „перамаглі“ святыні Гродзенскай дыяцэзіі. Гэта край, дзе ў савецкія часы было шмат каталіцкіх касцёлаў, дзве святыні вельмі старажытныя, драўляныя, якія цудам ацалелі», — падзяліўся думкамі Леанід.

Вядома, беларускія католікі штогод здзяйсняюць пешыя, аўтобусныя і роварныя пілігрымкі па святых месцах. Гэта і духоўнае ўзбагачэнне, і новае сяброўства, а найперш — умацаванне сваіх адносін з Богам. А ў выпадку вандровак парафіяльных — гэта яшчэ і ўмацаванне падмурку Касцёла, якім з’яўляецца не камяні і цагліны, а жывыя людзі.

У парафіі Узвышэння Святога Крыжа пілігрымкі распачаліся 5 гадоў таму з ініцыятывы пробашча.

«Мэта пілігрымкі — пазнаць Бога, паглядзець на гісторыю і традыцыі, паглыбіць веру праз сведчанні іншых людзей і прывезці новыя ўражанні і духоўны ўздым», — лічыць кс. Андрэй Сіповіч.

«Мы набліжаемся да Бога, пазнаем прыгожыя святыні нашай краіны, будуем парафіяльную супольнасць, дзеці з ахвотай збіраюцца ў падарожжа і вяртаюцца ўжо іншымі», — адзначыла сястра Марына Толкач ISSM, катэхізатар нядзельнай школы пры парафіі.

Так і адбылося: кожны, несумненна, папоўніў свой багаж — ведаў, пачуццяў, уражанняў. Усім гэтым можна падзяліцца з іншымі і заахвоціць далучыцца да пілігрымкі ў наступным годзе, як звычайна — у першую суботу чэрвеня.

Гэты рэпартаж падрыхтаваны ў межах курсу журналістыкі навучэнцамі Мінскага тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Выкладчык Ларыса Абрамчук.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.