З 22 па 28 мая ў Рыме адбыліся дзве важныя падзеі ў жыцці дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas. Першай была рэгіянальная канферэнцыя Caritas Еўропы, другой — Генеральная асамблея Caritas Internationalis (Сусветная арганізацыя Caritas).
Падчас рэгіянальнай канферэнцыі дэлегаты падзякавалі былому Генеральнаму сакратару Caritas Еўропы Хорхе Нуно Маеру за дзевяць гадоў самаахвярнай працы і абралі новага кіраўніка арганізацыі — Марыю Нюман з Бельгіі. Таксама была зацверджана стратэгія развіцця арганізацыі да 2023 года.
ХХІ Генеральная асамблея Caritas Internationalis адбылася пад лозунгам «Адзін чалавечы род, адзін агульны дом».
23 мая з нагоды адкрыцця асамблеі папа Францішак цэлебраваў у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане святую Імшу, а 27 мая прыняў на аўдыенцыі 400 удзельнікаў асамблеі з розных краін свету, у тым ліку з Беларусі.
Святы Айцец заклікаў удзельнікаў асамблеі выконваць сваё служэнне ў духу «убоства, падзякі і пакоры», наладжваць міжасобасныя адносіны з беднымі, якія з’яўляюцца не лічбамі ў справаздачах, а жывымі людзьмі, а таксама пазбягаць спакусы ператварэння свайго служэння ў бізнэс.
«Міласэрнасць, — падкрэсліў Папа, — гэта не ідэя і не поўнае глыбокай пашаны пачуццё, а жывая сустрэча з Хрыстом.
Гэта жаданне жыць сэрцам Бога і прасіць не аб тым, каб мы адчувалі да бедных любоў, сяброўства і салідарнасць увогуле, а аб тым, каб неслі іх да гэтых людзей у духу ўбоства Яго самога».
Сустрэча са Святым Айцом — незабыўная падзея і для прадстаўнікоў Caritas Беларусі, якія ўдзельнічалі ў працы Генеральнай асамблеі.