30 мая, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, у мiнскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч маліўся за ахвяраў трагедыі на Нямізе, якая адбылася 20 гадоў таму, а таксама благаславіў мемарыяльную шыльду ў гонар Станiслава Манюшкi ў 200-ю гадавіну яго нараджэння.
Трагедыя на Нямізе адбылася 30 мая 1999 года пад канец масавага мерапрыемства ў Мінску, калі людзі, хаваючыся ад дажджу, запоўнілі падземны пераход да станцыі метро «Няміга». Ва ўзніклай цісканіне загінула 53 чалавекі, а яшчэ звыш 250 пацярпелі. Большасць загінулых былі маладымі людзьмі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў, што ў той дзень 20 гадоў таму, калі і католікі, і праваслаўныя адзначалі ўрачыстасць Святой Тройцы, многія пайшлі не ў касцёл і не ў царкву, а на «свята піва». Іерарх заклікаў маліцца за ахвяраў той жудаснай трагедыі і заўсёды памятаць пра іх, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася.

У гамiлii арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што Унебаўшэсце Езуса завяршае Яго зямны шлях. Пасля выканання даручанага Яму задання збаўлення чалавецтва Ён вяртаецца ў дом нябеснага Айца.
«Езус узнёсся на неба не толькi як Сын Божы, але як i чалавек. Гэтым Ён паказаў, што ўвесь чалавек збаўлены i ўвесь, з душой i целам, прызначаны да шчаслiвай вечнасцi», — нагадаў іерарх.
Ён таксама падкрэсліў, што кожны хрысціянін павінен сваім жыццём сведчыць пра Хрыста і непрамінальныя, вечныя каштоўнасці.

Такiм сведкам, паводле пастыра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, і быў сусветнай славы музыкант Станiслаў Манюшка — наш славуты зямляк.
«Станiслава Манюшку смела можна назваць чалавекам, якi музыкай i сведчаннем сваёй веры аб’ядноўвае Беларусь, Лiтву i Польшчу,
— сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — Сёння, калi ў мiнскай катэдры благаслаўляецца Яго выява, мы просiм Бога, каб прыняў яго ў сваё Валадарства, каб ён, як выдатны музыкант і кампазiтар, далучыўся да анёльскіх хораў i каб яго прыклад заахвочваў нас памятаць пра мэту нашага жыцця — неба — i iмкнуцца да яе праз жыццё ў Божай ласцы i евангельскае сведчанне».

Ініцыятарам ушанавання ў мінскай катэдры памяці Станіслава Манюшкі — кампазітара, арганіста і дырыжора — выступіў Віктар Скорабагатаў, заслужаны артыст Беларусі, даследчык старадаўняй беларускай музыкі і мастацкі кіраўнік створанай ім «Беларускай капэлы».
Catholic.by пацікавіўся ў музыказнаўцы, чаму гэтая мемарыяльная шыльда з’явілася менавіта ў катэдры?
«Станіслаў Манюшка — гэта не проста кампазітар з сусветным імем.
Манюшка — наш самы „касцёльны“ кампазітар: ён 18 гадоў працаваў арганістам у віленскім касцёле святых Янаў і стварыў вялікую колькасць духоўных твораў, частка якіх увайшла ў славуты цыкл „Песні нашага касцёла“.
Акрамя таго, плошча Свбоды, на якой знаходзіцца катэдральны касцёл, — гэта своеасаблівы „музейны комплекс“ Манюшкі. Тут непадалёк, у доме нумар 21 па вуліцы Інтэрнацыянальнай ён жыў разам з сям’ёй у дзіцячыя і юнацкія гады, вучыўся ў Мінскай мужчынскай гімназіі, размешчанай па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 21. Вядома, ён як пабожны католік рэгулярна бываў у касцёле, які знаходзіцца насупраць.

Дарэчы, падобным чынам ушанавана памяць паэта Уладзіслава Сыракомлі, мемарыяльная шыльда ў гонар якога ўсталявана ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы».
Шыльда ў гонар Станіслава Манюшкі, якую ў 200-гадовы юбілей кампазітара благаславіў у катэдры арцыбіскуп Кандрусевіч, стала чацвёртым прысвечаным яму мемарыяльным знакам у раёне плошчы Свабоды разам з шыльдамі на згаданых будынках і помнікам, адкрытым тут тры гады таму.
«Не хапае толькі мемарыяльнай дошкі на цяперашнім гатэлі „Еўропа“, пабудаваным на тым месцы, дзе калісьці размяшчаўся Мінскі гарадскі тэатр, — кажа маэстра Скорабагатаў. — Менавіта са сцэны гэтага тэатра 9 лютага 1852 года ў оперы Станіслава Манюшкі на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча „Сялянка, або Ідылія“ ўпершыню з тэатральных падмосткаў загучала беларуская мова».

Дарэчы, прыгадвае музыкант, месца для мемарыяльнай шыльды ў касцёле выбраў сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яна размешчана пад хорамі, акурат пад арганам, а таксама пры ўваходзе ў касцёл, дзе яе ўбачыць кожны, хто ўваходзіць у святыню.
Мемарыяльную шыльду выканаў вядомы скульптар Валяр’ян Янушкевіч, аўтар шматлікіх твораў сакральнага мастацтва ў касцёлах па ўсёй Беларусі, а таксама мемарыяльных знакаў у гонар нашых славутых землякоў, якія можна ўбачыць таксама за мяжой.




























































У верхняй частцы мемарыяльнага знаку змешчаны радавы герб Манюшкаў «Крыўда». Пад ім — барэльефная выява кампазітара з надпісам лацінкай па-беларуску: «Станіслаў Манюшка. 1819–1872. Кампазітар, арганіст, дырыжор», а таксама нотны радок з яго другой Вастрабрамскай літаніі — Kyrie. Яшчэ ніжэй — надпіс на лацінскай мове Requiem æternam — кароткі малітоўны заклік «Вечны супакой».
Падчас Імшы ў мінскім катэдральным касцёле гучалі духоўныя творы Станіслава Манюшкі. Пад іх узнёслыя гукі сэрцы вернікаў узносіліся ўгору, туды, куды ўзышоў Езус Хрыстус і куды імнецца кожная душа, якая славіць Бога.



