Пошук

06.05.2019 16:55   Тэкст: Язэп Янушкевіч / Catholic.by
Станіслаў Манюшка за працай. Выява sb.by

5 мая 1819 г. у сям’і Часлава Манюшкі і Альжбеты з Маджарскіх, якія жылі ў вёсцы Убель тагачаснага Ігуменскага павету Мінскай губерні, нарадзілася доўгачаканае дзіця. Пры хросце ў смілавіцкім касцёле нованароджаны хлопчык атрымаў чатыры імёны: Станіслаў-Ян-Эдвард-Казімір.

Бацькі тады яшчэ не ведалі, што іхні першынец будзе адзіным дзіцем у сям’і і адзіным, хто не толькі працягне, але і праславіць па ўсім свеце прозвішча Манюшкаў. Яны нават не здагадваліся, што яму будзе наканавана застацца ў гісторыі культуры Польшчы, Беларусі і ўсёй Еўропы славутым кампазітарам, арганістам і дырыжорам Станіславам Манюшкам.

Вёска Убель — малая радзіма кампазітара. Выява sb.by

Навучаўся Станіслаў спачатку ў сям’і, а пазней у гімназіях Варшавы і Мінска, а таксама ў берлінскім музычным інстытуце. Ягоныя першыя творы былі напісаны ў Мінску і пастаўлены на тутэйшай сцэне на пачатку 1840-х гадоў: «Чарадзейная вада», «Спаборніцтва музыкантаў», «Ідылія» на лібрэта В. Дуніна-Марцінкевіча). Пазнейшыя класічныя рэчы «Галька» і «Страшны двор» праславілі Станіслава Манюшку ва ўсім свеце.

У ягонай творчай спадчыне налічваецца не адзін дзясятак кампазіцый для фартэпіяна і аргана, аб’яднаных назваю «Песні нашага Касцёла».

Варта адзначыць, што творы гэтыя Станіслаў Манюшка ахвярна выдаваў на свой кошт, бо яны былі яму вельмі дарагія і невыпадковыя ў творчасці кампазітара. Чаму?

Бюст Станіслава Манюшкі. Фота Mlyn.by

Першы біёграф Станіслава Манюшкі Аляксандр Валіцкі ў пасмяротным нарысе (Варшава, 1873 год) пакінуў каштоўныя сведчанні пра адметнасці асобы, унутраны духоўны свет і штодзённае жыццё творцы.

«Пры сваёй высокай адукацыі, якую атрымаў, ён захаваў жывую і гарачую веру, якая рэдка ў каго сустракацца.

Высока шануючы ўладу розуму, ён ніколі не дазваляў яму паглыбляцца ў аналіз пачуццяў, а заадно і веры, таму не зносіў аніякіх рэлігійных дыспутаў. Веру захаваў ажно да смерці такую, якую меў у маленстве. З усёй прастатой верыў у кожнае слова катэхізісу, як таго патрабуе Касцёл.

Дыск з рэлігійнымі творамі Станіслава Манюшкі. Фота idagio.com

Зазвычай некалькі разоў у год ён прыступаў да споведзі і заўсёды ў вельмі раннюю пару, бо не жадаў ніякай пампезнасці. Аднак з гэтага не трэба меркаваць пра яго як пра фанатыка. Наадварот, ён паважаў веравызнанне і перакананні іншых, але затое патрабаваў, каб і іншыя паважалі ягоныя перакананні.

Звычайна вельмі рана — бо ўставаў а пятай гадзіне, а ўлетку нават раней, — ён адразу ішоў у касцёл на Імшу. Гэта быў звычай, якому магла перашкодзіць толькі хвароба.

Вярнуўшыся з касцёла, ён адразу ж сядаў за працу, і амаль усе ягоныя кампазіцыі-творы паўсталі ў гэты час.

Калі выходзіў з дому ў тэатр, каб дырыжыраваць уласную оперу, тады, зачыніўшыся ў сваім кабінеце, кленчыў перад абразом Маці Божай Вастрабрамскай і даручаў сябе Яе апецы. Ані разу гэтага звычаю не занядбаў».

Помнік Станіславу Манюшку і Вінэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Мінску. Скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія. Фота БелТА

Такімі чынам, сёлета мы святкуем 200-гадовы юбілей не проста знакамітага кампазітара, але адначасова і вернага хрысціяніна-католіка, які сваім жыццём і творчасцю будзе яшчэ доўга служыць узорам нашчадкам, як доўга будзе гучаць і захапляць іх яго цудоўная музыка.

З будучай кнігі «Літоўскі Пеўнік» пра самага вядомага мінчука ў свеце.

Абноўлена 06.05.2019 17:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа