Пошук

30.05.2019 10:10   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / grodnensis.by / Фота: grodnensis.by

27–28 мая ў рэкалекцыйным доме пры дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прайшла фармацыйная сустрэча для святароў Гродзенскай дыяцэзіі ад 1 да 8 гадоў святарства.

Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, тэма, якой была прысвечана сустрэча, — катэхеза ў душпастырскім служэнні Касцёла.

У межах сустрэчы кс. Ян Сарэла, адказны за пастаянную фармацыю святароў у Гродзенскай дыяцэзіі, прамовіў настаўленне на тэму: «Катэхетычнае служэнне святара». Прэфект Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Андрэй Лішко выступіў з лекцыяй «Езус Хрыстус — найлепшы Катэхет. Катэхетычная дзейнасць Настаўніка. Паспяховыя і няўдалыя катэхезы Езуса». Пасля адбылася дыскусія.

Прэфект семінарыі ўказаў на розныя формы і сродкі катэхезы, якую вёў Езус, а таксама адзначыў, што няўдачы ў катэхетычнай дзейнасці не трэба ўспрымаць як нешта негатыўнае.

Па словах святара, няўдача з’яўляецца найперш вынікам супрацьстаяння кожнага катэхета з тым, што ў ім «цёмнае», складанае. 

Гэта сустрэча тварам у твар з уласнымі комплексамі і перашкодамі. Таксама гэта ўсведамленне таго, колькі яшчэ ў нас пыхі, агрэсіі, недахопу талерантнасці і прыняцця іншых людзей. Ужо толькі гэтага, як адзначыў кс. Лішко, дастаткова, каб лічыць няўдачы Божым благаслаўленнем.

Практычная частка сустрэчы была прысвечана тэме «Інтэрнэт для катэхезы — шанц ці пагроза?».

На заканчэнне сустрэчы адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх адзначыў важнасць паглыблення духоўнага жыцця і выхавання святарскай культуры.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа