26 мая, у шостую Велікодную нядзелю, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр благаславіў падмурак і заклаў вуглавы камень касцёла Святога Духа ў Гродне, які разам з парафіяльным домам будуецца ў мікрараёне Альшанка.
Вуглавы камень быў ахвяраваны кардыналам Анджэло Камастры, архісвятаром базылікі св. Пятра ў Рыме.
Як паведамляе партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by, падчас Імшы група моладзі прыняла сакрамэнт канфірмацыі.
На ўрачыстасці сабраліся вернікі наймалодшай парафіі горада, якія прыйшлі цэлымі сем’ямі, і духавенства на чале з біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам.
Вітаючы Апостальскага нунцыя, пастыр Гродзенскай дыяцэзіі адзначыў, што прысутнасць прадстаўніка папы Францішка на гэтай гістарычнай падзеі з’яўляецца бачным знакам духоўнай блізкасці з Пантыфікам, яго айцоўскай любові і клопату пра мясцовы Касцёл.
Біскуп падкрэсліў, што касцёл, які паўстае ў новым мікрараёне горада, будзе знакам, што тут жывуць вызнаўцы Хрыста, вернікі Каталіцкага Касцёла, якія атрымалі ў спадчыну скарб веры пасля сваіх бацькоў і продкаў і трываюць верна з Езусам Хрыстом, Панам і Адкупіцелем.
«Няхай ён стане месцам, у якім Бог, багаты любоўю і міласэрнасцю, будзе шчодра ўдзяляць свае ласкі і дары ўсім, хто з верай і даверам будзе ўзносіць да Яго свае пакорныя малітвы», — дадаў іерарх.
Арцыбіскуп Габар Пінтэр на пачатку літургіі прызнаўся, што рады магчымасці яшчэ раз пабываць у Гродне — на гэты раз «у маладой парафіяльнай супольнасці, якая з’яўляецца відавочным знакам развіцця і росту нашага Касцёла».
«Там, дзе ў горадзе з’яўляецца новы мікрараён, услед нараджаецца новая хрысціянская супольнасць, сям’я Божых дзяцей, якая затым будуе дом, дзе можа збірацца разам і праслаўляць свайго Айца, — сказаў іерарх. —
Так жыве Касцёл ужо дзве тысячы гадоў, і ваша супольнасць — гэта нованароджаная дачка Маці-Касцёла».
«Ці веру я, што Бог мяне любіць? — задаў пытанне Апостальскі нунцый у гаміліі. — Веруючы чалавек — гэта той, хто паверыў, што Бог яго любіць. (…) Гэта першае і самае галоўнае: паверыць у праўду, што Бог мяне любіць бясконца».
«А я ці люблю Бога? Як адказаць на Яго любоў? “Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё”, — кажа Езус. Захоўваць слова Езуса, вядома, не азначае схаваць яго пад ключ, ці пакласці ў надзейны сейф у банку, ці паставіць на бачнае месца ў пакоі з букетам кветак, як на алтарах у касцёле (…). Не!
Каб сапраўды захаваць Яго слова, трэба адчыніць дзверы нашых сэрцаў, прыняць з любоўю ўсё тое, што сказаў Пан, і жыць гэтымі словамі ў штодзённым жыцці», — дадаў арцыбіскуп.
«Езус сам падказвае нам, як бы Ён хацеў быць любімы, калі б мы захацелі любіць Яго. Любіць Яго азначае перш за ўсё любіць бліжняга, — падкрэсліў іерарх. — Не можам укрыцца ад гэтай праўды ў педантычным выкананні абрадаў ці нормаў закону, як гэта рабілі фарысеі і кніжнікі. Не можам супакойваць сумленне, кажучы сабе: “Я хаджу ў касцёл, значыць я — добры хрысціянін”».
Па словах нунцыя, «чым больш мы любім (не сентыментальна, пачуццёва, а на справах, у дзеяннях), тым мацнейшай становіцца любоў, тым радзей мы падаем і церпім няўдачы, аж прыйдзе час, калі любіць стане натуральным для нашай душы, стане стылем нашага жыцця, як для атлетаў натуральны высокі тонус мышцаў і здаровы лад жыцця». Па гэтым, адзначыў арцыбіскуп, «усе пазнаюць, што мы — вучні Езуса, хрысціяне».
Іерарх нагадаў, што Святы Дух і ёсць Любоў — «тая Любоў, якая жыве ў сэрцы Святой Тройцы і якую Бог няспынна пералівае ў сэрцы кожнага з нас». «Падумаем: колькі ёсць вольнага месца ў нашых сэрцах для Божага Духа, для Духа Любові?» — дадаў ён.
«Бог не стамляецца паказваць нам Сваю любоў. Адкрыем Яму сэрцы і будзем верыць Яму, адкрыем вушы і будзем слухаць Яго слова, адкрыем вочы і абдымкі і будзем заўважаць і прымаць тых, хто знаходзіцца побач і мае патрэбу ў нашай дапамозе, усмешцы, парадзе, падтрымцы, у нашай блізкасці, — заахвоціў арцыбіскуп. — І тады мы ўбачым цуды перамен у сабе і навокал. Гэта — дзеянне Святога Духа.
І іншыя, далёкія ад веры, быць можа, знаёмыя, сябры ці нават самыя блізкія, убачаць вас, вашу супольнасць, прасякнутую духам Любові, надзеі, дабрыні, і павераць».
На заканчэнне Імшы словы ўдзячнасці ў адрас Апостальскага нунцыя і біскупа Гродзенскага выказалі вернікі. Падзяку выказаў таксама пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда. Святар адзначыў, што маладая парафіяльная супольнасць прагне перш за ўсё далей будаваць жывы духоўны Касцёл, каб пасля з Божай дапамогай узвесці ў хуткім часе святыню з камянёў, якая так патрэбная.