Пошук

27.05.2019 13:23   Тэкст: а. Пётр Фраштэнга OCD / Catholic.by

З 23 па 25 мая прадстаўнікі Рады па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ўдзельнічалі ў Міжнароднай канферэнцыі Yes to Life («Так жыццю») у Рыме, арганізаванай ватыканскай Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця на тэму абароны і спадарожнічання дзецям, у якіх яшчэ да нараджэння былі дыягназаваны сур’ёзныя захворванні.

«Прэнатальная медыцына прапануе сёння цудоўныя магчымасці спадарожнічання жыццю, якое нараджаецца, але адначасова ставіць важнае пытанне пра тое, як канкрэтна спадарожнічаць сужэнцам і сем’ям дзіцяці, якое павінна нарадзіцца, — напісаў у запрашэнні да ўдзелу ў канферэнцыі прэфект узгаданай дыкастэрыі кардынал Кевін Фаррэл. — Стоячы перад выклікамі, звязанымі з прыняццем дзіцяці, у якога да нараджэння дыягназавана паталогія (…), мы хочам прапанаваць час фармацыі, а таксама навуковай і душпастырскай інфармацыі, каб падтрымліваць сапраўды прымаючую культуру жыцця, што нараджаецца і якое суправаджаюць цярпенне і cлабасць».

Канферэнцыя сабрала каля 400 удзельнікаў, прадстаўнікоў епіскапатаў з 70 краін.

У якасці дакладчыкаў на яе былі запрошаны сусветна вядомыя спецыялісты, такія, як прафесар Джузэпэ Ноя, прафесар Антоніо Ланцонэ, прафесар Анна Марцін Анкел, прафесар Александро Фрыгіола і іншыя знакамітыя знаўцы прэнатальнай медыцыны.

Першы дзень канферэнцыі пачаўся выступленнем кардынала Кевіна Фаррэла, прэфекта Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, у якім ён прывітаў прысутных і акрэсліў праграму і мэты сустрэчы.

Кожнае дзіця, незалежна ад таго, здаровыя ці хворыя яго бацькі, удзельнічае ў творчасці Бога. Таму, як было адзначана на канферэнцыі, мы абавязаны адарыць яго найбольшым клопатам. Але належыць браць пад увагу таксама становішча жанчыны, якая чакае дзіця. З аднаго боку, яна напоўнена шчасцем, а з іншага — ёй спадарожнічае страх. І калі ў дзіцяці, якое павінна нарадзіцца, знаходзяць захворванне, уся сям’я адчувае страх і мае патрэбу ў асаблівай падтрымцы.

Існуе шмат арганізацый, якія прапануюць такую падтрымку бацькам, што знаходзяцца ў такой складанай сітуацыі. Гэтая падтрымка пачынаецца ў момант устанаўлення дыягназу — калі выяўляецца, што дзіця, якое павінна нарадзіцца, смяротна хворае. Гэты дыягназ вельмі патрэбны ў адпаведны час і служыць таму, каб прайсці праз бунт да прыняцця. Падтрымка працягваецца ў момант нараджэння дзіцяці і тады, калі яно раней ці пазней памірае.

Гэты досвед цяжкі, але ён узбагачае. Блізкасць, любоў, прысвечаная чалавеку ўвага — гэта своеасаблівая тэрапія, якая лечыць душы.

Падчас канферэнцыі было шмат сведчанняў бацькоў, якія перажылі такія сітуацыі, пачуўшы калісьці, што іх дзіця хворае і пражыве мала. Усе пачутыя сведчанні вялі да аднаго: з бацькоў у роспачы мы сталі бацькамі, якія чакалі нараджэння дзіцяці.

Як жа даваць надзею ў сітуацыі дыягназавання цяжкага захворвання? Найперш, як было падкрэслена, прэнатальная медыцына павінна імкнуцца да таго, каб маці і дзіця перад нараджэннем і пасля яго мелі як мага лепшы стан здароўя. Каб атрымаць такі эфект, не дастатковы адзін урач, а патрэбна цэлая каманда, якая будзе даследаваць маці і дзіця да нараджэння. І сёння медыцына кіруецца да таго, каб такая тэрапія была бясплатнай.

У наш час, як было адзначана на канферэнцыі, нараджэнне дзіцяці адсоўваецца на больш позні ўзрост жанчыны, што, на жаль, павялічвае праўдападобнасць розных паталогій.

Таму Касцёл, грамадства, кіраўнікі дзяржаў мусяць змагацца за тое, каб паліятыўная тэрапія была абавязковай.

Як рэалізаваць гэта ў грамадстве, якое выбірае толькі тое, што яму падабаецца? У кнізе прарока Эзіхіэля ёсць шмат доказаў таго, што Бог асабліва клапоціцца пра свой народ, калі ён перажывае цяжкія хвіліны. Бывае таксама, што жыццё, якое павінна нарадзіцца, пакінута ўсімі. Таму варта задаць сабе пытанне: як гэта магчыма, што Бог клапоціцца пра кожнае жыццё, а чалавек не толькі праяўляе насілле ў дачыненні да жыцця, але і забівае яго? Так адбываецца таму, што этыку мы замянілі на тэхніку. Частая спроба вырашэння праблемы — гэта яе выдаленне, а не вырашэнне.

Найперш урачы маюць абавязак клапаціцца пра дабро чалавека ў момант яго найбольшай крохкасці — калі жыццё знаходзіцца пад сэрцам маці.

Але і мы ўсе, вернікі, таксама можам шмат зрабіць. Наш абавязак — каб тыя, хто перажывае цяжкія хвіліны, ніколі не адчувалі сябе самотнымі.

Мы павінны ствараць культуру жыцця і каштоўнасці. Гэтае дзеянне мудрасці з моцай Духа Святога можа змяніць свет.

Абноўлена 27.05.2019 13:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця