Пошук


 

26 мая ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі 60 дзяцей прынялі Першую Камунію з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.

Дзеці паспяхова прайшлі двухгадовы шлях падрыхтоўкі да першай споведзі і святой Камуніі, здалі экзамены, прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Звяртаючыся да дзяцей, іх бацькоў і ўсіх прысутных, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у гаміліі адзначыў:

«Больш за 100 гадоў таму адна маленькая дзяўчынка ў Францыі прыняла Першую святую Камунію. З гэтай нагоды яна сказала, што адчула ў сваім сэрцы бязмежную любоў Езуса. У адказ на гэта яна паабяцала любіць Яго такой жа любоўю. Потым яна казала, што з таго моманту яна растварылася ў Езусе, падобна як кропля вады раствараецца ў акіяне. Радасцю Першай Камуніі яна жыла ўсё сваё жыццё, асабліва калі прымала ў сваё сэрца Езуса ў Эўхарыстыі.

 Сёння мы ведаем гэту дзяўчынку як св. Тэрэзу з Лізьё. Яна паказвае нам, што сапраўдная радасць паходзіць са свядомасці таго, што я любімы Богам.

І гэтая любоў праяўляецца ў святой Камуніі, падчас якой Езус прыходзіць у нашы сэрцы, што дае нам гарантыю таго, што мы не адны, але знаходзімся ў Яго руках».

«Першая святая Камунія — гэта не толькі дар, але і заданне, — дадаў арцыбіскуп. — Найперш неабходна дзяліцца гэтай радасцю з іншымі і гэтым самым заклікаць іх да актыўнага ўдзелу ў нядзельнай і святочнай Эўхарыстыі».

«Сваім добрым хрысціянскім жыццём вы павінны несці Езуса іншым: сваім аднагодкам, сябрам у школе, на спартыўнай пляцоўцы, падчас адпачынку, — нагадаў іерарх дзецям. — Гэтым самым вы станеце пасрэднікамі цуду прыняцця Езуса іншымі».

 «Няхай дзень Першай Камуніі стане для вас пачаткам доўгага ланцугу святых Камуній праз усё ваша жыццё, каб яно было напоўнена ласкай Езуса Хрыста, якая патрэбна для збаўлення»,

— пажадаў дзецям пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Абноўлена 27.05.2019 12:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця