Пошук

21.05.2019 15:31   Тэкст і фота: Надзея Радзевіч / Catholic.by

У нядзелю 19 мая ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, што на Кальварыйскіх могілках, адкрылася выстава дзіцячай фатаграфіі «Праз цябе я бачу Пана».

Дзеці з дапамогай фотаздымкаў распавялі пра тых людзей, якія вядуць іх да Бога і праз якіх яны адчуваюць Яго прысутнасць у сваім жыцці.

У кожнага чалавека, напэўна, ёсць асоба, праз якую мы адчуваем прысутнасць Бога.

Хто гэта? Можа, гэта пяшчотная і любячая матуля, клапатлівая бабуля, добрая хросная. А магчыма, сур’ёзны і разам з тым пабожны тата. Або ксёндз, якога дзеці бачаць пры алтары ў касцёле.

Маленькія вернікі сталічнай парафіі касцёла Узвышэння Святога Крыжа атрымалі заданне распавесці аб такіх людзях з дапамогай фотаздымкаў.

Падчас адкрыцця выставы мы распыталі маленькіх аўтараў, як яны шукалі натхненне для работы і каго адлюстравалі на здымках.

Міраслаў Якубоўскі, 7 гадоў, аўтар работы «Ксёндз»
Міраслаў Якубоўскі, 7 гадоў, аўтар работы «Ксёндз»

— Я — міністрант і дапамагаю ксяндзу Андрэю, пробашчу нашай парафіі, цэлебраваць святую Імшу, — распавядае Міраслаў Якубоўскі. — Мне падабаецца назіраць за ім падчас службы.

Калі я гляджу на ксяндза Андрэя, то адчуваю, што ён бачыць Бога. Мяне гэта вельмі натхняе!

Злата Коўш, 7 гадоў, аўтар работы «Хросная»
Злата Коўш, 7 гадоў, аўтар работы «Хросная»

Другая ўдзельніца выставы, Злата Коўш, «бачыць Пана Бога» праз сваю хросную:

— Для нашай сям’і вельмі важна зберагчы традыцыі і веру нашых бабуль і дзядуляў, — разважае Злата. — Мы беражліва захоўваем рэчы, якія належалі продкам, іх дакументы, фотаздымкі.

А захаваць веру мне дапамагае мая цёця і хросная Кацярына.

Бываюць моманты, калі ўсе нашыя родзічы збіраюцца разам, і мы размаўляем, успамінаем нашых памерлых, разважаем пра Бога. Тады мне здаецца, што я сапраўды адчуваю Яго прысутнасць паміж намі.

Дарэчы, Міраслаў і Злата — самыя малодшыя ўдзельнікі выставы: ім усяго па сем гадоў.

Зразумела, што такая фотавыстава не магла абысціся без увасаблення вобразу маці. Вось як цёпла каментуе свой здымак Павел Карандашаў:

— Мая матуля вельмі добрая і пяшчотная. Я заўсёды буду ўдзячны сваёй маці, бо яна нарадзіла мяне і робіць для мяне ўсё самае лепшае. Мая мама любіць мяне больш за сябе. Яна гатовая жыццё аддаць, толькі б я быў здаровы і шчаслівы.

Напэўна, для кожнага чалавека матуля — самы дарагі чалавек на свеце! Я заўсёды бачу праз яе Пана, калі матуля моліцца ці робіць добрыя справы.

Як адзначыў пробашч парафіі ксёндз Андрэй Сіповіч, адной з мэтаў выставы было вярнуць асэнсаванасць працэсу фатаграфавання:

— У наш час моладзь, ды і дарослыя людзі, часта робяць фота не задумваючыся, закідваюць сацсеткі мноствам бессэнсоўнай інфармацыі.

Калі дзецям прапанавалі паразважаць над канкрэтнай тэмай, выбраць сюжэты для сваіх фотаздымкаў, то выявілася, што працэс гэты не такі просты, як здаецца на першы погляд.

Але сёння, разглядаючы працы, прадстаўленыя на выставе, я бачу, што ўсе найважнейшыя моманты, самых галоўных у сваім жыцці асобаў — бацькоў, хросных, сяброў, святара — нашыя аўтары ў сваіх фота адлюстравалі і расказалі, як праз іх дзейнічае Пан Бог.

Куратар выставы: Надзея Коўш

Фатографы: Вiкторыя Вярбiцкая, Павел Карандашаў, Мiраслаў Якубоўскi, Мiлана Стасюк, Лiзавета Парамонава, Злата Коўш, Веранiка Дубаневiч.

Выстава праходзіць да 2 чэрвеня ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа па адрасе: г. Мінск, Кальварыйскі праезд, 1 (на тэрыторыі Кальварыйскіх могілак).

Абноўлена 21.05.2019 17:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця