Пошук

20.05.2019 14:10   Паводле: Марына Сінкевіч, Сatholicnews.by / Фота: Леанід Юрык, Сatholicnews.by

18 мая Росіца зноў вітала пілігрымаў, якія прыехалі сюды цэлымі сем’ямі, каб разам з дзецьмі правесці гэты сонечны дзень або, як некаторыя сужэнцы, прысвяціць гэты час адно аднаму.

Як паведамляе Сatholicnews.by, малітва ў росіцкай святыні пачалася выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту і адарацыяй. Ружанец з разважаннямі на тэму сям’і і маёвае набажэнства аб’ядналі ўсе праблемы і жыццёвыя сітуацыі сучаснай сям'і. У гэты час шматлікія пілігрымы мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.

Канферэнцыю на тэму сям’і правёў кс. Аляксандр Дулінец з Расонаў. Святар паразважаў над такім аспектам, як адносіны чалавека з чалавекам. Было прыведзена шмат жыццёвых прыкладаў, каб яшчэ лепш зразумець адносіны ў сям’і.

Таксама была агучана статыстыка, што ў Беларусі на два шлюбы адзін развод, прычым на першым месцы Віцебская вобласць.

«Адносіны нас ствараюць, бо без іх мы паміраем. Мы жывём, калі цябе хтосьці кахае да канца і ведае цябе да канца», — падкрэсліў святар.

Для самых маленькіх пілігрымаў была свая праграма. Дзеці бавілі час разам з с. Ліліяй Дарожка SJE.

Святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх сем’яў узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

На пачатку іерарх павіншаваў айцоў марыянаў, якія адзначаюць дзень заснавальніка сваёй супольнасці св. Станіслава Папчынскага.

«Прыгожы месяц май, прысвечаны Маці Божай, кветкі цвітуць, птушкі спяваюць, і мы з вамі збіраемся ў Росіцы, праслаўляем Пана Бога за дар жыцця, за дар веры, за прыгажосць, яку Бог нам пакінуў на гэтым свеце.

Збіраемся, каб маліцца за нашы сем’і, каб яны былі моцныя ласкай Божай, моцныя Духам Святым. Просім Бога і благаслаўлёных пакутнікаў аб мужнасці ў штодзённым жыцці, любові, перамозе над цяжкасцямі», — адзначыў пробашч парафіі ў Росіцы а. Чэслаў Курэчка МІС.

Біскуп Юрый Касабуцкі ў гаміліі падзяліўся ўражаннямі ад Росіцы, бо ўпершыню наведаў гэтае месца, хоць не раз чуў пра яго і чытаў яго гісторыю.

«Росіца — гэта асаблівае месца для нашай краіны. Яна адлюстроўвае росквіт веры нашага краю.

Святыня перажывала час малітвы, потым становіцца свецкім домам, затым сцены перажываюць вайну, страх, трагедыю 1943 года, фізічны і псіхалагічны боль людзей. На пачатку святыня была напоўнена панікай, адчаем. Калі там з’явіліся айцы марыяне Юрый і Антоні, якія пачалі звяртацца да людзей, размаўляць з імі, то праз нейкі час у мурах святыні настала цішыня і супакой. Былі чэргі да споведзі, бо людзі ўспомнілі пра Бога і пусцілі Яго ў свае сэрцы», — сказаў біскуп.

Пасля Імшы іерарх удзяліў благаслаўленне кожнай сям’і асабіста.

Сустрэча працягнулася ў летняй кавярні «У бусла», дзе ўдзельнікі частаваліся славутай грыбной поліўкай ад а. Чэслава.

Больш фота ТУТ>>>

Абноўлена 20.05.2019 15:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця