Пошук

20.05.2019 12:17   Фота: Таццяна Багамазава / Catholic.by

У нядзелю 19 мая ў сталічнай парафіі св. Сымона і св. Алены адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі, якую з рук арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча прынялі 120 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Уздоўж усяго Чырвонага касцёла ў сярэдзіне святыні — два шэрагі анёлаў з сэрцамі на далонях. На іх — імёны тых, хто ў гэты дзень упершыню прыняў вуснамі Цела Хрыста і адкрыў для Збаўцы сваё сэрца.

Для таго, каб дайсці да гэтага радаснага дня, спатрэбіліся два гады падрыхтоўкі, падчас якой дзеці вучылі малітвы і пазнавалі асноўныя праўды хрысціянскай веры. Цэнтральная з іх — гэта вучэнне Касцёла пра сапраўдную, рэальную і істотную прысутнасць жывога Хрыста ў белай Гостыі — прэсным пшанічным хлебе, які ў сакрамэнце Эўхарыстыі падчас св. Імшы пераісточваецца ў Яго святое Цела.

Нядзельнай раніцай вялікая група са 120 дзяцей у прыгожых белых строях разам са сваімі бацькамі і хроснымі сабралася каля ўваходу ў Чырвоны касцёл.

Пасля кароткага прывітання і малітвы пробашч парафіі кс. канонік Уладзіслаў Завальнюк акрапіў сабраных асвячанай вадой, а арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, урачыста ўвёў іх у святыню, дзе дзеці ўпершыню ўзялі поўны ўдзел у св. Імшы.

На пачатку цэлебрацыі іерарх асаблівым чынам прывітаў дзяцей, іх бацькоў і блізкіх і выказаў радасць ад таго, што так шмат хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты дзень упершыню прымаюць у свае сэрцы Езуса ў святой Эўхарыстыі. Арцыбіскуп падзякаваў катэхетам, якія рыхтавалі дзяцей да гэтай важнай у іх жыцці падзеі, а таксама выказаў словы падзякі бацькам, якія паклапаціліся аб адпаведным духоўным выхаванні сваіх дзетак.

У гаміліі пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі нагадаў прысутным, што чытанні пятай Велікоднай нядзелі гавораць пра новыя рэчы: новы Ерузалем, новую зямлю і новае неба, а таксама пра новы закон Езуса: любіць бліжняга, як самога сябе.

Першае чытанне з Дзеяў апосталаў распавядае пра адраджэнне жыцця хрысціянскіх супольнасцяў праз практыку ахвярнай любові. У другім чытанні св. апостал Ян тлумачыць, як у літургіі аднаўляецца Касцёл — Новы Ерузалем, які сыходзіць з неба ад Бога. У Евангеллі Езус кажа пра новы закон: любіць адзін аднаго так, як Ён палюбіў нас.

«Сённяшняя ўрачыстасць Першай святой Камуніі з’яўляецца прыкладам будавання новага Ерузалема, новага маладога Касцёла, які прадстаўляюць сабою гэтыя дзеці», — адзначыў іерарх.

Ён дадаў, што дзень Першай Камуніі для іх — гэта дзень асаблівай радасці, паколькі яны завяршылі падрыхтоўку, паспяхова здалі экзамен і нарэшце сустракаюцца з Езусам.

«Гэта таксама радасць для сем’яў гэтых дзяцей і для ўсёй парафіі. Але ўрачыстасць Першай Камуніі і яе радасць не можа застацца толькі на фотаздымках ці ў нашай памяці. Яна павінна мець свой працяг у практыцы хрысціянскага жыцця, гэта азначае ў частай споведзі і святой Камуніі», — заахвоціў прысутных іерарх.

Ён таксама звярнуў увагу на тое, што зазвычай з нагоды Першай Камуніі дзеці атрымліваюць падарункі.

«Але пры гэтым трэба памятаць, што найбольш каштоўным падарункам для іх з’яўляецца Езус, які прыходзіць у іхнія сэрцы. Ён палюбіў нас да таго, што аддаў сваё жыццё, каб нас збавіць праз смерць на Крыжы. І сёння Ён нас не перастае любіць, бо ў Эўхарыстыі становіцца хлебам вечнага жыцця.

Мы таксама павінны любіць Яго, гэта азначае жыць паводле Яго вучэння. Таму Першая Камунія для дзяцей з’яўляецца шанцам перажываць свята любові Бога да чалавека», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу бацькоў на тое, што з Першай св. Камуніяй духоўнае выхаванне дзяцей не заканчваецца, а павінна працягвацца, і што ў гэтым вялікая роля і адказнасць бацькоў, якія павінны прыкладам свайго хрысціянскага жыцця дапамагаць дзецям. Гэта азначае, што яны самі разам з дзецьмі павінны прымаць удзел у нядзельнай Эўхарыстыі, часта спавядацца і прымаць св. Камунію, штодзённа разам маліцца.

«Толькі тады радасць Першай св. Камуніі будзе працягвацца, а не застанецца толькі прыемным успамінам з мінулага», — завяршыў сваё настаўленне арцыпастыр.

Іерарх ад усяго сэрца пажадаў дзецям, якія прынялі Першую Камунію, каб гэты дзень быў для іх сапраўды вельмі радасным і каб радасць сустрэчы з Хрыстом у Эўхарыстыі паўтаралася ў іх жыцці як мага часцей.

 

Абноўлена 20.05.2019 12:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.