17 мая ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Жодзішках, што на Смаргоншчыне, адбылося адкрыццё выставы твораў сучасных беларускіх мастакоў.
На адкрыцці прысутнічалі прафесар мастацтвазнаўства Віктар Нямцоў, Віктар Барабанцаў, Эдуард Мацюшонак, Віктар Мікіта, Кастусь Качан, Алесь Суша, Анатоль Бяляўскі, які, дарэчы, паходзіць з суседняга Вішнева, Галіна Бяганская, Таццяна Ласка.
Папярэднічаў выставе сямідзённы пленэр, які праходзіў у прыгожых мясцінах, якія раскінуліся на маляўнічых берагах Віліі.
Пленэр адбыўся дзякуючы ахвярнасці мецэната Францішка Жылкі, які паходзіць з парафіі ў Жодзішках. Прымаў шаноўных гасцей Алег Мізула — паэт, бард, уладальнік аграсядзібы «Вялес».
Словы прывітання падчас адкрыцця выставы выказаў пробашч парафіі кс. Павел Калеснік, якому ўсе сабраныя ўдзячныя за магчымасць правесці яе ў старажытным будынку парафіяльнага касцёла, пабудаванага ў 1612 годзе ў стылі рэнесанс. Святар прачытаў малітву благаслаўлення і акрапіў выставу і ўсіх прысутных асвячанай вадой.
Пасля Жодзішак прадстаўленыя творы можна будзе ўбачыць у Смаргонскім краязнаўчым музеі, а яшчэ пазней выстава пераедзе ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.