Пошук

17.05.2019 12:47   Тэкст: кс. Францішак Рудзь / Catholic.by

16 мая ў Мінскай духоўнай акадэміі адкрылася міжнародная канферэнцыя «Цэрквы і мясцовыя супольнасці перад абліччам сацыяльных выклікаў».

Мерапрыемства арганізавана рабочай групай «Прымірэнне ў Еўропе — задача Цэркваў ва Украіне, Беларусі, Польшчы і Германіі», асноўная мэта якой — межканфесійнае супрацоўніцтва хрысціянскіх Цэркваў у вобласці культурных і сацыяльных праектаў.

Па даручэнні Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў канферэнцыі прынялі ўдзел дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і ксёндз канонік Францішак Рудзь.

Хрысціянскі Касцёл з часоў свайго заснавання стаў развіваць формы сацыяльнага служэння і ўзаемадзеяння з людзьмі. Сучасны свет дае чалавеку поўную свабоду ў яго паводзінах і поглядах. Чалавек значна пашырыў геаграфію свайго перамяшчэння. Аднак у любым пункце свету ён сутыкаецца з аднолькавымі сучаснымі сацыяльнымі выклікамі, звязанымі са зменамі ў арганізацыі жыцця і паскарэнні яго тэмпу, са спакусамі матэрыяльных выгодаў і ўседазволенасцю. Людзі губляюць кропку апоры ў жыцці, калі апынаюцца ў цяжкай сітуацыі. На дапамогу чалавеку прыходзяць хрысціянскія каштоўнасці.

Таму сёння асаблівую важнасць набываюць міжканфесійныя і міждзяржаўныяпраекты, накіраваныя на дапамогу чалавеку. Гэта і стала асноўнай тэмай абмеркавання дадзенай міжнароднай канферэнцыі, якая чарговы раз даказала, што абмен вопытам у такіх пытаннях неацэнны.

У сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў канферэнцыі біскуп Юрый Касабуцкі адзначыў, што Святы Айцец Францішак вялікую ўвагу надае ўдзелу Касцёла ў сацыяльных праектах. Перш за ўсё мы павінны падумаць, чым мы, хрысціяне, можам падзяліцца з сучаснымчалавекам, гісторыя навучыла нас ва ўсе часы звяртацца да Евангелля.

Абвяшчэнне Евангелля — гэта наша галоўная задача, якая праяўляецца не толькі ў слове, але і ва ўчынках. Мы павінны жыць у міры, згодзе, супрацоўніцтве адзін з адным.

Епіскап Бараўлянскі Ігнацій, вікарый Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, у сваім выступе адзначыў, што любоў да бліжняга ва ўсе часы з'яўлялася рухавіком маральнага ператварэння і гарманізацыі грамадства. Пасродкам канкрэтных ініцыятыў Праваслаўная Царква садзейнічае ліквідацыі беднасці ў грамадстве, духоўнаму і фізічнаму здароўю чалавека, выхаванню экалагічнай культуры. Праваслаўны іерарх выказаў надзею, што канферэнцыя дапаможа пашырыць кола узаемадзеянняў.

Прадстаўнік пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі Яцэк Міхальскі ў сваім звароце да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуў увагу слухачоў, што войны, канфлікты і расчараванні прынеслі шмат бед чалавецтву, і наша асноўная задача не дапусціць больш такіх катастроф. Талерантная Беларусь можа служыць прыкладам для многіх у сяброўскіх узаемаадносінах паміж канфесіямі. Менавіта тут хочацца гаварыць пра абмен вопытам і супрацоўніцтва.

Варта адзначыць, што Каталіцкі Касцёл мае паспяховы і досыць багаты вопыт распрацоўкі і супрацоўніцтва ў розных сацыяльных праектах і ініцыятывах, накіраваных на духоўную, псіхалагічную і сацыяльную дапамогу чалавеку.

Нашы методыкі былі запазычаныя і іншымі канфесіямі ў розных краінах свету. Можна без перабольшання сказаць, што сацыяльнае служэнне на ўзроўні парафій, кляштараў, дыяцэзій змяніла жыццё Каталіцкага Касцёла. Падтрымка асабістых ініцыятыў на месцах перастала быць рэдкасцю. Валанцёрскія праекты прыцягнулі новых людзей, гатовых дапамагаць.

Гэтая канферэнцыя паставіла новыя мэты і задачы: арыентацыі на супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі арганізацыямі і канфесіямі, стварэння магчымасцяў для ўключэння актыўных вернікаў, у першую чаргу маладых людзей, у жыццё супольнасці і сацыяльныя праекты. У сваю чаргу, колькасць зваротаў людзей у Касцёл па дапамогу паказвае актуальнасць гэтых праектаў і неабходнасць пашырэння іх дзейнасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа