Пошук


12 мая ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу творчых прац у гонар Маці Божай Тракельскай.

На пачатку перад цудатворным абразом Маці Божай біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў конкурсу, якія бралі ўдзел у гэтай Эўхарыстыі разам з вернікамі тракельскай парафіі. У супольнай малітве яны зноў прысвяцілі сваё жыццё Маці Божай, просячы ў Нябеснай Матулі патрэбных ласкаў на кожны дзень зямнога вандравання, што вядзе да Яе Сына.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, пасля Імшы кожны з удзельнікаў конкурсу прадставіў сваю працу.

Гэта — больш за 30 вершаў i песень, малюнкі i відэаролікі, успаміны з пілігрымак і іншыя творчыя працы на тэму: «Маці Божая Тракельская, вядзі нас за сабой».

Варта адзначыць, што працы на конкурс прадставілі вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі.

Свае творы Апякунцы нашых сем’яў прысвяцілі людзі рознага ўзросту, аматары паэзіі і прафесіяналы, свецкія і духоўныя асобы. У сваіх вершах удзельнікі дзяліліся перажываннем сваёй веры або апавядалі пра навяртанне, якім удзячныя Маці Божай.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў, між іншым, адзначыў:

«Гэты конкурс з’яднаў людзей з сэрцамі, чулымі на дабро, прыгажосць, а таксама вялікую любоў да Найсвяцейшай Маці.

<…> Кожнае сэрца мае сваю гісторыю, якой прагне дзяліцца з іншымі людзьмі», — дадаў іерарх.

Пастыр Гродзенскай дыяцэзіі падзякаваў кусташу санктуарыя кс. Юрыю Бяганскаму за гэтую ініцыятыву, якая, па словах біскупа, паспрыяе развіццю культу Маці Божай Тракельскай і ўзрастанню веры ў людзях.

Па выніках конкурсу кс. Юрый Бяганскі напісаў на старонцы санктуарыя ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте»:

«Чатыры месяцы з усіх куткоў Беларусі прыходзілі нам лісты з творчымі работамi. Таленты нашых землякоў радавалі і здзіўлялі.

Але, на жаль, правілы конкурсу такія, што даводзіцца выбіраць пераможцаў…»

Перад журы, такім чынам, стаяла нялёгкая задача па вызначэнні найлепшых працаў. Кожная з іх была па-свойму прыгожай, бо ўтрымлівала шчырыя перажыванні кожнага чалавека і вельмі часта апавядала пра яго асабісты шлях да Пана.

«Хочам у чарговы раз выказаць словы падзякі кожнаму ўдзельніку! Маці Божая Тракельская жыве ў нашых сэрцах, і ваша творчасць таму прыклад!» — сцвярджае кусташ санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях.

Абноўлена 14.05.2019 13:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця