Пошук

10.05.2019 15:21   Тэкст: Кс. Андрэй Рылка / Фота: Арцём Кір'янаў / Catholic.by

Штогод 9–10 мая санктуарый Найсвяцейшай Панны Марыі Лагішынскай, галоўнай Апякункі Пінскай дыяцэзіі, збірае вернікаў на ўспамін чарговай гадавіны ўвянчання папскімі каронамі цудадзейнага абраза Каралевы Палесся. Таксама сёлета 9 мая з нагоды гэтай урачыстасці адбылася традыцыйная пешая пілігрымка з Пінска ў Лагішынскі санктуарый.

Больш за сотню вернікаў з навакольных парафій, з розных куткоў Пінскай дыяцэзіі і з іншых дыяцэзій сабраліся разам, каб даверыць Маці Божай свае малітоўныя інтэнцыі.

Асаблівасцю сёлетняй урачыстасці стала тое, што напярэдадні пілігрымкі, 8 мая, у пінскай катэдры адбылася Марыйная малітоўная сустрэча моладзі.

Гэта была своеасаблівая духоўная падрыхтоўка да паломніцтва, а таксама магчымасць сустрэчы для юнакоў і дзяўчат, якіх яднае Хрыстовая вера і любоў да Маці Божай.

На шляху пілігрымкі 9 мая спецыяльную духоўную праграму ўдзельнікам прапанавалі студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, якім дапамагалі семінарысты 1-га курса з Мінска.

Маладыя людзі, якія складалі большасць удзельнікаў пілігрымкі, мелі таксама магчымасць бліжэй пазнаёміцца з духоўнасцю манаскіх супольнасцяў, паразмаўляць з сёстрамі законнымі і святарамі пра свае радасці і клопаты, пашукаць адказу на пытанне пра жыццёвае пакліканне.

Святую Імшу на заканчэнне пілігрымкі ў Лагішынскім санктуарыі ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

Разам з біскупам у літургіі ўзялі ўдзел шматлікія святары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі, з манаскіх супольнасцяў, а таксама святары грэка-каталіцкага абраду, якія служаць на Палессі.

Прысутныя духоўныя і кансэкраваныя асобы, шматлікія парафіяне, пешыя і прыезджыя пілігрымы дзякавалі Маці Божай за Яе апеку, знакам чаго з’яўляецца Яе цудадзейная і старадаўняя выява Каралевы Палесся.

  

 

Абноўлена 10.05.2019 15:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа