Пошук

08.05.2019 11:53   Паводле: Kс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Catholic.by

7 мая ўдзельнікі Дзён моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, сабраныя ў Шчучыне, маліліся разам з Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Габарам Пінтэрам, разважалі над рэалізацыяй хрысціянскага служэння і знаёміліся з дзейнасцю розных моладзевых груп.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, прадстаўнік Святога Айца ў нашай краіне падчас супольнай Эўхарыстыі з удзельнікамі ДДМ адзначыў, што кожны чалавек і сёння можа быць «маленькай Марыяй»: несці свету Хрыста праз любоў і служэнне, пачынаючы з самых блізкіх: сваёй сям’і, сяброў, знаёмых і шырэй — усім, хто шукае праўды, дапамогі, чулага сэрца, нашых рук, нашага часу, малітвы.

Mаладыя людзі з вялікай радасцю віталі прадстаўніка Папы, які запэўніў, што Святы Айцец Францішак заўсёды блізка думкамі і сэрцам з моладдзю. Падчас Эўхарыстыі Апостальскі Нунцый маліўся за ўсіх маладых людзей, каб яны маглі ўзрастаць у асабістых адносінах з Езусам i, як Марыя, мець адкрытыя на струмень Божай ласкі сэрцы, каб Усемагутны мог змяняць іх так, як жадае.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Пінтэр ад імя Папы Францішка, ад імя Касцёла звярнуўся да моладзі, якая, па яго словах, прыгожая і поўная нязгаснага агню маладосці.

«Не бойцеся даверыцца Езусу! Не бойцеся ісці з Ім па дарозе жыцця. Не бойцеся выбраць Яго адзіным Ідэалам, Братам, Сябрам, Узлюбленым! Гэта не толькі самы разумны і мудры выбар: гэта выбар, аб якім вы ніколі не пашкадуеце», — заклікаў іерарх.

   

Ён нагадаў пра прыклад служэння Найсвяцейшай Панны Марыі, над якім разважаюць удзельнікі шчучынскай сустрэчы.

«Марыя зрабіла свой выбар, пазнаўшы бясконцую любоў Бога да Яе асабіста і да кожнага чалавека: „Вось Я, слуга Пана“. Яна выбрала Бога цэнтрам свайго жыцця, і зрабіла гэта не фармальна, не вобразна, не сімвалічна і не на пэўны час. Яна даверылася Богу ўся, аддаўшы Яму цалкам сваё жыццё, свае мары, сваё цела, сваю прыгажосць, свае сілы, здольнасці, сваю любоў і назаўсёды», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Нагадаўшы словы Святога Айца Францішка, яго прадстаўнік звярнуў увагу юнакоў і дзяўчат на тое, што немагчыма пачуць Бога, седзячы на канапе і жывучы ў камфорце.

«У бяздзеянні вы будзеце чуць усё, што заўгодна, акрамя Езуса. Бог адкрываецца ў дзеянні: Ён не статычны. Калі ты не рушыў у дарогу, каб штосьці зрабіць, каб працаваць для іншых, каб сведчыць, каб рабіць дабро, то ніколі не пачуеш голасу Бога. Калі хочаш пачуць голас Пана, выходзь у дарогу», — сказаў прадстаўнік Папы Францішка, заклікаўшы моладзь шукаць Бога ў дыялогу з іншымі.

Aрцыбіскуп пры гэтым падкрэсліў, што Пан размаўляе з тымі, хто Яго шукае:

«Але не шукайце Яго ў тэлефоне: Езуса там няма, таму што Ён глядзіць табе ў вочы, у сэрца, не марнуе час на мёртвы гаджэт».

Іерарх паабяцаў, што перадасць Папу Францішку тое, што ўбачыў у Шчучыне: радасць веры і любоў, якую маладыя людзі маюць у сэрцах.

           

У другі дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі юнакі і дзяўчаты таксама мелі магчымасць працаваць у групах, разважаючы над формамі хрысціянскага служэння для моладзі. Разабрацца ў спосабах актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла і евангелізацыі ім дапамагалі святары з усёй Беларусі.

Акрамя таго, маладыя вернікі прадэманстравалі свае творчыя здольнасці падчас прадстаўленняў парафіяльных груп. У выступленнях кожная парафія імкнулася быць арыгінальнай.

Праз спевы, танцы і невялікія тэатральныя пастаноўкі юнакі і дзяўчаты праслаўлялі Маці Божую. У сваіх выступах-прэзентацыях яны распавялі, чаму навучыла іх Марыя і які прыклад жыцця ім падала.

У сустрэчы моладзі ў Шчучыне бяруць удзел не толькі прадстаўнікі з іншых дыяцэзій, але і з-за мяжы, робячы яе па-сапраўднаму міжнароднай і даючы жывы выраз паўсюднасці Каталіцкага Касцёла ў свеце. Студэнты гродзенскіх ВНУ з Нігерыі, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі моладзевага душпастырства ОPEN, прадставілі запальны танец і сарвалі гучныя апладысменты.

 

 

Абноўлена 08.05.2019 12:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.