Майскі нумар часопіса «Ave Maria» (№ 5, 2019) традыцыйна прысвечаны Багародзіцы. Традыцыя марыйнай пабожнасці вельмі багатая і разнастайная, і мы прапануем чытачам паглыбіцца ў яе.
У рубрыцы «Святар адказвае на пытанне» ксёндз Андрэй Рылка разглядае гісторыю культу Марыі, цытуючы св. Бэрнарда: «Марыя — гэта „каралеўскі шлях“, па якім Бог прыходзіць да нас і па якім мы можам ісці да Яго».
Ксёндз Станіслаў Паўліна fDP разважае аб старажытным свяце Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
Айцец Яўген Голуб OFMConv прапануе нам скласці беззаганны рэцэпт шчаслівага жыцця паводле самой Багародзіцы. Сваімі сведчаннямі, звязанымі з Яе ўплывам і заступніцтвам, дзеляцца на старонках часопіса вернікі.
Наш пастаянны аўтар айцец Раман Шульц ОР сёлета адзначае 25-годдзе святарства. Мы сардэчна віншуем айца Рамана і публікуем у часопісе і на сайце www.ave-maria.by інтэрв’ю з ім.
Багародзіцу можна справядліва лічыць апякункаю ўсіх пралайферскіх арганізацый, якія дзейнічаюць у абарону жыцця. Чытайце ў матэрыяле Вольгі Качалкі гісторыю гінеколага Людмілы Баракавай, якая, не будучы хрысціянкаю, стала выступаць супраць абортаў, а прыйшоўшы да Бога, прысвяціла сваё жыццё распаўсюджанню ведаў аб натуральным метадзе распазнавання плоднасці і падрыхтавала мноства спецыялістаў па МРП.
Нагадваем чытачам пра наш юбілейны конкурс.
У гэтым нумары мы публікуем матэрыялы ўдзельнікаў конкурса. Чакаем і вашыя працы!
Набыць часопіс можна:
- у кнігарні «Духоўная кніга» (г. Мінск, вул. Багдановіча, 25, пн–пт: 10.00–19.00, сб: 11.00–18.00, тэл: +375 17 242 17 53
- у парафіяльных кіёсках і ў пробашчаў парафій
- альбо звяртайцеся ў рэдакцыю па тэл. +375 17 356 17 50