Пошук

06.05.2019 11:38   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Вольга Ражкова, Ірына Жалубоўская / Catholic.by

З нагоды пятай гадавіны кананізацыі св. Яна Паўла ІІ у нарачанскай парафіі св. апостала Андрэя (Мядзельскі дэканат) 5 мая з удзелам Апостальскага нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра ўшанавалі памяць Вялікага папы.

Раніцай трэцяй Велікоднай нядзелі вернікі нарачанскай парафіі разам са сваім пробашчам а. Бэрнардам Радзікам OCD сустрэлі і радасна прывіталі прадстаўніка папы Францішка ў нашай краіне.

На пляцоўцы перад касцёлам дзеці выканалі танец у гонар св. Яна Паўла ІІ, пасля чаго адбылося ўскладанне кветак да фігуры святога Папы, усталяванай каля касцёла. Нарачанскія гаспадыні — удзельніцы конкурсу выпечкі «папскіх» пірожных — паднеслі ў дар Апостальскаму нунцыю кошык з салодкімі ласункамі ўласнай вытворчасці.

Урачыстасць у Нарачы наведалі таксама студэнты Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску на чале з віцэ-рэктарам кс. Адамам Дынакам і духоўным айцом а. Аркадзем Куляхам OCD.

Пад скляпеннямі прыгожай нарачанскай святыні ў гонар св. Яна Паўла ІІ прагучалі цудоўныя спевы ў выкананні семінарыйнага гурта «Подых Духа», які ўжо добра ведаюць і любяць вернікі ў Нарачы.

Пасля музычнага праслаўлення распачалася св. Імша падзякі за дар кананізацыі св. Яна Паўла ІІ, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Габар Пінтэр. Вітаючы яе ўдзельнікаў, сярод якіх былі прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, іерарх, між іншым, сказаў:

«На гэтай урачыстай Эўхарыстыі праз заступніцтва св. Яна Паўла ІІ даверым Хрысту нас саміх, нашыя сем’і, нашу зямлю і асабліва нашу веру, каб была нязломнай і адважнай, чыстай ад эгаізму і безнадзейнасці, каб само наша жыццё абвяшчала навокал, што Бог з намі, Бог блізка, Бог жыве сярод нарачанскіх хрысціянаў».

У прамоўленай гаміліі прадстаўнік Святога Айца Францішка засяродзіўся на тым, які вялікі прыклад для Касцёла і свету пакінуў св. Ян Павел ІІ.

«Постаць Яна Паўла ІІ ззяе вялікай святасцю ў святле ўваскрослага Хрыста. Ужо пяць гадоў як Касцёл упісаў яго імя сярод тысячаў святых і благаслаўлёных, якіх ён сам абвясціў такімі на працягу амаль дваццаці сямі гадоў свайго Пантыфікату, з моцай нагадваючы ўсім пра ўніверсальнае пакліканне да святасці», — адзначыў на пачатку Апостальскі нунцый.

«Святы Ян Павел ІІ — Папа з Усходу, адзін з самых уплывовых лідэраў дваццатага стагоддзя, прарок і настаўнік нашых часоў, Папа апякун сем’яў, Папа сябра моладзі, Папа Апостал Божай Міласэрнасці, Папа, які правёў Касцёл праз парог трэцяга тысячагоддзя з найважнейшым пасланнем Касцёлу і чалавецтву: дарога Касцёла — гэта чалавек, а Хрыстус — гэта дарога чалавека», — падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Габар Пінтэр звярнуў увагу на тое, што Ян Павел ІІ быў кананізаваны Касцёлам у месяцы маі — месяцы Марыі, якую ён так моцна любіў.

«Святы Айцец расказваў, як у часе вайны, калі працаваў на хімічнай фабрыцы, ён быў збіты грузавіком. На дарозе не было больш нікога. Раптам з’явілася жанчына, якая паклікала на дапамогу і знікла. Больш Караль Вайтыла ніколі яе не бачыў. Яго ніколі не пакідала вера, што гэта была менавіта Марыя — Багародзіца, якая выратуе яго таксама ў час замаху 13 мая 1981 года, у дзень Божай Маці Фацімскай», — узгадаў іерарх.

Ён завяршыў гамілію заклікам, скіраваным да ўсіх прысутных на цэлебрацыі вернікаў:

«Разам са святым Янам Паўлам ІІ няхай кожны з нас скажа Марыі: Totus Tuus! — Я ўвесь Твой. Totus Tuus! — Я ўся Твая».

Пасля Імшы прадстаўнік Святога Айца ўзнагародзіў лепшых нарачанскіх гаспадынь і ўдзельнікаў конкурсу малюнкаў на тэму «Сям’я — радасць і надзея моладзі», які праводзіўся сярод дзяцей парафіі. На заканчэнне ўрачыстасці адбылося ўшанаванне рэліквій св. Яна Паўла ІІ, якія з пашанай захоўваюцца ў нарачанскім касцёле св. Андрэя, апостала.

На памяць Апостальскі нунцый атрымаў у падарунак торт, спечаны ў выглядзе святыні ў Нарачы, якая яму вельмі спадабалася.

Абноўлена 06.05.2019 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця