Пошук

02.05.2019 11:33   Тэкст і фота: кс. Юзаф Сярпейка / Фота: Антон Ростаў / Catholic.by

1 мая шматлікія міністранты Магілёўскага рэгіёна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прымалі ўдзел у фармацыйнай сустрэчы.

Добрым стартам сустрэчы стала сведчанне біскупскага вікарыя для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB і а. Віталія Чабатара, якія распавялі сваю гісторыю таго, як сталі міністрантамі і як пасля гэтага адкрывалі ў сабе голас клічучага іх Пана.

Юнакі таксама мелі магчымасць падзяліцца ўласным сведчаннем перажывання Эўхарыстыі, удзельнічаючы ў ёй актыўным чынам.

Між іншым міністрант з Бабруйска Ягор апавядае, што дзесьці калісьці ўбачыў абразік, на якім была выява святара падчас цэлебрацыі святой Імшы.

Абразік паказваў, што за святаром стаіць сам Езус Хрыстус падчас гэтай святой цэлебрацыі. Гэта так уразіла хлапчука, што ён сам захацеў служыць пры алтары.

Шматлікія міністранты, між іншым Богдан з Бялыніч, апавядаюць, што асоба таго ці іншага святара мела вялікае значэнне і ўплыў на тое, што яны апынуліся ля алтара. Міністранты дзяліліся сваёй радасцю з нясення такой важнай паслугі, хоць адначасова зазначалі, што ім не заўсёды ўдаецца быць на святой Імшы.

Адным з павучальных момантаў стала канферэнцыя, якую падрыхтаваў пробашч парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Горках кс. Андрэй Кеўліч. Ён засяродзіў увагу на тым, што ўсе заданні і паслугі міністранта трэба выконваць найперш з верай. «Веруючыя людзі маюць пашану да Святога ўсюды, і таму дзеянні выкананыя найбольш дакладна тады, калі яны выкананыя з глыбокай верай у прысутнасць Пана Бога ў гэтым канкрэтным месцы», — заключыў святар.

Пасля падрыхтоўкі і рэпетыцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі ў інтэнцыі міністрантаў і іх бацькоў а таксама ў інтэнцыі пакліканняў да святарскага, законнага і місійнага жыцця.

У гаміліі іерарх затрымаўся над трыма словамі. «Першае — гэта прэзбітэрый. Месца святое і выключнае, што часта ў многіх касцёлах падкрэслівае балюстрада і ўзвышанасць гэтай часткі касцёла. Месца гэтае, прызначанае для святароў і літургічнай службы алтара, заахвочвае нас і вучыць глыбокай пашане да Найсвяцейшага і адначасова абавязвае да годнага служэння пры алтары Богу», — сказаў ён.

«Другое слова, — працягваў біскуп, — гэта сведчанне. Нашая пастава на Імшы і падчас набажэнстваў павінна такім чынам увесь час сведчыць іншым прысутным у касцёле.

Гэтае сведчанне не можа быць толькі знешняе, а перш за ўсё павінна быць унутранай хрысціянскай сталасцю. Таму заахвочваю вас, дарагія міністранты, заўсёды да служэння пры алтары прыступаць з чыстым сэрцам».

   

«У сваю чаргу быць дзейсным сведкам нам дапаможа толькі малітва. Адданая, асабістая, глыбокая, своечасовая, верная малітва ўмацоўвае ў нас тую любоў і пашану, якая становіцца як для іншых у касцёле, так і для нас саміх крыніцай чыстай еднасці з Хрыстом», — завяршыў гамілію біскупскі вікарый для г. Магілёва і Магілёўскай вобласці.

Падсілкаваўшыся, міністранты ўзялі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, якія пасля напружанай барацьбы завяршыліся цудоўным чынам — лік паміж камандамі аказаўся роўны.

Вяночак да Божай Міласэрнасці юнакі маліліся ў інтэнцыі распазнання паклікання і аб новых пакліканнях да святарскага, законнага і місійнага жыцця з нашых парафій і з нашых сем’яў.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі выразіў усім удзячнасць за арганізацыю сустрэчы, падзякаваў прыбылым хлопцам за прысутнасць і выказаў надзею, што акцыі і сустрэчы такога фармату могуць быць добрым стартам да роздуму над сваім жыццём для многіх маладых сэрцаў.

Абноўлена 02.05.2019 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа