Пошук

Фота Вадзіма Якубёнка, БЕЛТА

Познім вечарам 20 красавіка, у святую ноч Змёртвыхпаўстання Пана, у брэсцкім касцёле Узвышэння Святога Крыжа прайшла святая Пасхальная вігілія, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Дзякуючы тэлетрансляцыі, арганізаванай Белтэлерадыёкампаніяй і міждзяржаўнай тэлекампаніяй «Мір», далучыцца да гэтай урачыстай літургічнай цэлебрацыі маглі вернікі ва ўсёй Беларусі і нават за яе межамі на ўсім абшары Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Брэст невыпадкова быў выбраны месцам, адкуль сёлета вялася трансляцыя Пасхальнай вігіліі.

Лічыцца, што першы ўспамін Брэста ў летапісах датуецца падзеямі, якія адбываліся тысячу гадоў таму, у 1019 годзе. І хоць археалагічныя даследаванні сведчаць пра тое, што горад быў заснаваны раней — яшчэ ў дзясятым стагоддзі, — аднак менавіта сёлета ўрачыста адзначаецца тысячагоддзе Брэста.

Фота Вадзіма Якубёнка, БЕЛТА

Разам з пастырам Пінскай дыяцэзіі ў цэлебрацыі ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовага духавенства: рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Андрэй Рылка, віцэ-рэктар гэтай навучальнай установы кс. Адам Дынак, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце кс. Юрый Хіневіч, а таксама прадстаўнікі Грэка-Каталіцкай Царквы: Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і настаяцель брэсцкай грэка-каталіцкай супольнасці а. Ігар Кандрацьеў.

Прысутнасць на Пасхальнай вігіліі ў Брэсце грэка-каталіцкага духавенства была асабліва вымоўнай.

На працягу стагоддзяў адзінае містычнае Цела Хрыста, якім з’яўляецца Яго святы Касцёл, няраз пакутавала ад падзелаў. Сёння хрысціяне падзелены на розныя Цэрквы і супольнасці, хоць у гісторыі прадпрымалася нямала спробаў аднавіць страчанае адзінства. Адна з іх мела месца менавіта ў Брэсце, калі ў 1596 г. тут была абвешчана царкоўная Унія з мэтаю аб’яднаць на нашых землях католікаў і праваслаўных.

Фота Вадзіма Якубёнка, БЕЛТА

На жаль, гэтая спроба не прынесла жаданага плёну, хоць у выніку яе была створана Грэка-Каталіцкая Царква — хрысціянская супольнасць, якая захавала ўсходнія, або візантыйскія, абрады і духоўнасць, аднак аднавіла адзінства са Святым Пасадам — з наступнікам святога апостала Пятра, якім з’яўляецца Святы Айцец. Грэка-Каталіцкая Царква да сённяшняга дня існуе ў Беларусі як жывое сведчанне імкнення да адзінства хрысціянаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка глыбей раскрыў прысутным у святыні вернікам і тэлегледачам багатую сімволіку пасхальнай літургіі, якую св. Аўгустын назваў «маці ўсіх святых вігілій».

Разважаючы над пачутым Божым словам, іерарх, між іншым, адзначыў:

«У гэтую святую вялікую ноч, калі мы праслаўляем Уваскрослага Хрыста, Бог нам нагадвае, што свет, у якім мы жывем, не паходзіць ад людзей, не ўзнік з нічога, але быў створаны Богам. Чалавек не мае поўнай улады над светам, таму што ён не з’яўляецца яго творцам. Мы можам яго толькі да пэўнай ступені змяняць, пераўтвараць, але Панам сусвету заўсёды застаецца Бог».

Фота Вадзіма Якубёнка, БЕЛТА

Біскуп Пінскі дадаў, што Божае Слова, якое абвяшчаецца ў Пасхальную вігілію, паказвае Пана Бога не толькі як Стварыцеля свету і чалавечага роду, але таксама як Збаўцу і Адкупіцеля, які вызваліў чалавека з няволі граху і смерці. Пастыр нагадаў пра сувязь з Пасхальнай таямніцай Хрыста сакрамэнтаў Касцёла, перадусім хросту:

«Праз хрост мы перайшлі са смерці да жыцця; гэта значыць перайшлі ад граху да жыцця Бога ў нас. Наш хрост з’яўляецца вынікам, плёнам Уваскрасення Езуса Хрыста. У святым хросце моцаю Пасхі Хрыста мы паміраем для граху і адраджаемся да жыцця дзяцей Божых».

У сувязі з гэтым біскуп Антоні заахвоціў вернікаў задумацца над тым, ці цэнім мы дар святога хросту, ці клапоцімся, каб своечасова былі ахрышчаныя дзеці нашых родных і знаёмых.

Фота Вадзіма Якубёнка, БЕЛТА

Іерарх завяршыў гамілію ўзнёслымі словамі пасхальнай радасці:

«Дарагія вернікі, мы святкуем незвычайны дзень, радасны дзень, вялікі дзень, Вялікую нядзелю — нядзелю Змёртвыхпаўстання. Гэта нядзеля вялікай радасці: радасці, якая прамяніцца са змёртвыхпаўстання Пана.

Радасны заклік скіраваны да нас сёння ў Божым слове: „Вось дзень, які Пан учыніў, будзем радавацца і весяліцца ў ім“» (Пс 118 (119), 24)».

На заканчэнне святой Пасхальнай вігіліі біскуп Антоні Дзям’янка павіншаваў усіх вернікаў з гэтым вялікім і радасным святам, а таксама выказаў падзяку брэсцкім парафіянам, іх пробашчу, кіраўніцтву і студэнтам Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску і ўсім тым, хто прычыніўся да правядзення гэтай велічнай літургіі і яе тэлевізійнай трансляцыі.

Абноўлена 23.04.2019 01:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.