Пошук


Увечары Вялікай суботы, 20 красавіка, мноства вернікаў сабралося ў архікатэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску на святой Пасхальнай вігіліі. Літургію ўзначаліў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

У гаміліі арцыбіскуп адзначыў: «Першай прычынай смерці з’яўляецца грэх. (...) Усе магілы на зямным шары сведчаць пра наш чалавечы грэх. Хрыстус перамог грэх, прыняўшы смерць на Галгоце: прыняўшы яе з любоўю, прыняўшы з любові — да Айца і да нас (…).

Ён уваскрос, каб кожны з нас атрымаў разам з Ім гэты шанс — жыццё, якое не заканчваецца».

«Пане Езу, цяпер, калі Ты ўваскрос, дзе мы можам з Табой сустрэцца, дзе можам убачыць Цябе, дакрануцца да Цябе? — працягваў іерарх. — Няма Яго сярод мёртвых рэчаў гэтага свету: сярод фальшывых і марных ідалаў прагнасці і задавальненняў; у ілжывым раі, пабудаваным за грошы і здраду. Мы не знойдзем Яго ў мёртвых ідэалогіях, новых і старых; у мёртвым гіганцкім багацці, закапаным у банках, каб толькі не падзяліцца з патрабуючымі; у падліках і маніпуляцыях магутных фінансавых прывідаў.

Мы не знойдзем Уваскрослага там, дзе святкуюцца перамогі над беднымі і слабымі, якія не могуць самі сябе абараніць; там, дзе зводзяць людзей у зман прапановай лёгкага шчасця “адразу”. Мы не знойдзем Яго ў міфах усемагутнасці тэхнічнага прагрэсу. (..) Няма Яго ў фундаменталізмах, што сеюць нянавісць і смерць; ні ў самаўзвышэнні сённяшніх фарысеяў, што лічаць сябе адзінымі праведнымі і таму — здольнымі судзіць усіх і аб усім. Няма Яго там, дзе пануе злоўжыванне і карупцыя, дзе прадаецца смерць і дзе прадаюцца людзі».

Езус, па словах арцыбіскупа, «сярод тых, хто любіць і спадзяецца; там, дзе ёсць служэнне і падараванне сябе бліжнім»; «у прыніжаным целе бедных»; «там, дзе ёсць слёзы, каб іх выцерці; там, дзе ёсць боль, каб яго абняць».

Ён «там, дзе шукаюць праўду, дзе любяць справядлівасць, дзе аддаюць свае сілы і час, каб у свеце нараджалася любоў», «у незлічоных сведках, якія яшчэ нядаўна пралілі кроў за веру на нашай зямлі, і ў тых, якія сёння, можа, у доме побач, нябачныя сродкам масавай інфармацыі, сваім жыццём сведчаць, што Бог жывы і што Ён перамог».

Таксама, адзначыў прадстаўнік Папы, уваскрослага Езуса можна сустрэць «у праўдзе Святога Пісання, у Таямніцы Найсвяцейшай Эўхарыстыі, у знаку святарства і біскупства; у глыбіні нашых сэрцаў, якія чакаюць Хрыста ў пакаянні і радасці; у вачах нашых бліжніх, якія, як і мы, спадзяюцца на Божую Міласэрнасць; паміж намі, сабранымі ў Яго Імя ў братэрскай любові».

На заканчэнне Пасхальнай вігіліі да прысутных звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Найперш ён падзякаваў Богу за магчымасць яшчэ раз так урачыста святкаваць Пасху. Аднак, дадаў іерарх, Бог дзейнічае праз людзей. Таму ён падзякаваў катэдральнай парафіі за арганізацыю як Пасхальнага Трыдууму, так і гэтага набажэнства; са словамі асаблівай падзякі звярнуўся да літургічнай групы, службы парадку і хору, які садзейнічаў лепшаму і больш змястоўнаму перажыванню Пасхальнага Трыдууму; біскупу Юрыю Касабуцкаму за праведзеныя набажэнствы Імшы Апошняй Вячэры і Вялікай пятніцы.

Арцыбіскуп падзякаваў Апостальскаму нунцыю за пастаянную прысутнасць у мінскай катэдры і іншых касцёлах на галоўных набажэнствах і асабліва ў гэты дзень.

Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, гэта вельмі важна для ўсіх нас, бо нунцый — гэта прадстаўнік Папы і дзякуючы яго прысутнасці мы духоўна яднаемся з Пантыфікам.

Са словамі ўдзячнасці арцыбіскуп звярнуўся да дзяржаўных уладаў, якія выказалі свае віншаванні католікам са святам Пасхі, і да прысутнага на літургіі прадстаўніка Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэя Аляксандра Шымбалёва.

Іерарх павіншаваў са святам Уваскрасення Хрыста ўсіх удзельнікаў літургіі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Пасха з’яўляецца падмуркам хрысціянства і яго самай важнай праўдай. Ад Змёртвыхпаўстання Хрыста залежыць быццё хрысціянства. Той, хто прымае праўду Змёртвыхпаўстання, з’яўляецца хрысціянінам і часткай хрысціянства.

«Змёртвыхпаўстанне Хрыста — гэта гістарычны факт, але ён прысутнічае ў гісторыі чалавецтва праз паслугу Касцёла, дзякуючы чаму Хрыстус ёсць сярод нас.

Усведамленне гэтай праўды суцяшае нас, напаўняе радасцю, дазваляе змяняць свет на лепшы і глядзець на яго з надзеяй. Яно дае надзею на вечнае жыццё, бо кажа, што са смерцю яно не завяршылася, а працягваецца, — сказаў арцыбіскуп. — Таму Змёртвыхпаўстанне неабходна ўспрымаць у дынамізме. Недастаткова памятаць аб тым, што перавернуты першародным грахом з ног на галаву свет яно паставіла на сваё месца і ўзбагаціла яго Божай ласкай. Пасха павінна стаць часткай нашага жыцця, каб мы былі людзьмі Змёртвыхпаўстання».

Іерарх павіншаваў са святамі рыма-католікаў, грэка-католікаў і пратэстантаў нашай краіны. Праваслаўным братам і сёстрам ён пажадаў духоўна плённага Вялікага тыдня, які яны распачынаюць, і благаслаўлёных святаў Пасхі Хрыстовай. Усім ім і людзям добрай волі арцыбіскуп пажадаў паўнаты ласкі Уваскрослага Пана і Яго супакою і па традыцыі павіншаваў вернікаў на розных мовах.

 

 

Абноўлена 18.07.2019 13:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа