Пошук


Сёлета 19 красавіка — Вялікая пятніца. Для кожнага веруючага хрысціяніна гэта асаблівы час перажывання і разважанняў аб пакутах і смерці Хрыста. У касцёлах у гэты дзень няма Эўхарыстыі.

Увечары вернікі збіраюца, каб супольна ўдзельнічаць у Літургіі Мукі Пана і прыняць святую Камунію. У гэты вечар найважнейшае месца адарацыі займае Крыж Езуса Хрыста.

Галоўны цэлебрант на пачатку Літургіі ў цішыні падае ніцма перад алтаром, а іншыя прысутныя становяцца на калені.

Менавіта так распачыналася і ўрачыстае набажэнства ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі, якому спадарожнічалі цішыня і роздум, каб асаблівым чынам скіроўваць позіркі на Крыж Хрыста.

Многія сёння бачаць у крыжы толькі сімвал або культурны твор. На гэта звярнуў увагу сабраных вернікаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, які ўзначаліў Літургію Вялікай пятніцы. Аднак гэта, дадаў ён, падманлівы пункт гледжання, які не паказвае паўнаты праўды.

Крыж Хрыста з’яўляецца алтаром, на якім наш Пан Езус Хрыстус склаў сваё жыццё ў ахвяру за нас. Таму мы ўшаноўваем яго не толькі як сімвал, але як вымоўны знак той вялікай цаны, якую Бог заплаціў за нас, адкупляючы ўсё чалавецтва праз уласную муку і смерць.

Падчас гэтай Літургіі кожны можа падысці да алтара, незалежна ад таго, з’яўляецца ён вернікам ці толькі шукае Бога.

І нават той, хто па розных прычынах не можа прыступаць да святой Камуніі, таксама можа ўшнаваць Крыж, прыладу цярпення, якая стала брамай Уваскрашэння і Збаўлення.

У Вялікую пятніцу распачынаецца Навэнна перад святам Божай Міласэрнасці. Праз яе вернікі дзякуюць Богу за тое, што Яго любоў і міласэрнасць такая вялікая і бязмежная і што менавіта Крыж найбольш выразна паказвае нам гэтую міласэрнасць.

 

 

Абноўлена 20.04.2019 07:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа