Пошук

18.04.2019 16:54   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Томаш Мікалайчык

18 красавіка, у Вялікі чацвер, у катэдральнай базыліцы св. Францішка Ксавэрыя ў Гродне адбылася св. Імша Хрызма, цэлебрацыю якой узначаліў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Як паведамляе партал Grodnensis.by, на Імшу ў катэдру прыбылі святары, якія нясуць служэнне ў розных парафіяльных супольнасцях Гродзеншчыны. Усе яны сабраліся пры алтары, каб разам са сваім пастырам біскупам Аляксандрам Кашкевічам i дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім дзякаваць за дар святарства.

Атачыць малітвай святароў i выказаць ім падзяку за штодзённае служэнне ў катэдральны касцёл прыйшло таксама нямала вернікаў.

У прамоўленай гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў, што асабліва падчас гэтай літургіі мы дзякуем Пану Езусу за сакрамэнт, устаноўлены ў Вялікі чацвер і непарыўна звязаны з Эўхарыстыяй, якім з’яўляецца святарства, дзякуючы якому можна рэалізоўваць Яго місію ў свеце.

Іерарх адзначыў, што моцай гэтага сакрамэнту тыя, каго Бог выбірае, кліча і пасылае на працу ў сваім Касцёле, удзельнічаюць у місіі, даручанай Хрыстом апосталам і іх наступнікам.

«Гэта місія Хрыста Прарока, Святара і Валадара, якая рэалізуецца ў патройнай задачы: навучаць, асвячаць і весці ў веры Божы народ», — дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне. Ён падкрэсліў, што гэта асаблівы дзень для ўсіх святароў, калі яны маюць нагоду з верай і пакорай дзякаваць Пану за настолькі вялікую годнасць, якой былі адораны.

Па словах іерарха, пакліканне да святарства, падобна як і кожнае іншае пакліканне ў Касцёле, з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці, служэннем для бліжніх. «Гэтае службовае вымярэнне асабліва важнае ў сакрамэнтальным святарстве, паколькі яно ўтварае выключную, вельмі моцную і глыбокую сувязь паміж пакліканым і Езусам Хрыстом», — сказаў біскуп.

Пра тое, што святары ўдзельнічаюць у святарскім пасланніцтве Хрыста, як адзначыў іерарх, нагадвае абрад намашчэння далоняў алеем Хрызма падчас прыняцця сакрамэнту пасвячэння. Тады праз сакрамэнтальнае служэнне біскупа Пан Езус намасціў іх і паслаў, каб з Яго волі, у Яго імя і Яго моцай яны абвяшчалі Добрую Навіну тым, хто прагне Божага Слова.

«Праз наша служэнне струмень Божай ласкі, як духмяны алей, павінен цячы ў чалавечыя сэрцы, лечачы іх раны і суцішаючы боль, напаўняючы любоўю, мірам і радасцю», — дадаў іерарх.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што святарства вучыць найперш вялікай пакоры, бо ніводзін са святароў не годны гэтага дару. «З чым большай пакорай і верай мы будзем трываць ва ўласным святарстве, з чым большым прагненнем будзем вяртацца да нашай першапачатковай святарскай любові і руплівасці, тым мацней і выразней пачуем у сэрцы запэўніванне, якое Хрыстус Уваскрослы скіраваў святому апосталу Паўлу: „Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці“ (2 Кар 12, 9)», — звярнуў увагу іерарх.

У гэты выключны для кожнага святара дзень біскуп падзякаваў усім святарам, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, за працу пастырскага служэння, за абвяшчэнне Божага слова і ўдзяленне святых сакрамэнтаў, за катэхізацыю дзяцей і моладзі, за клопат аб пажылых, хворых і церпячых людзях, за будаўніцтва і рамонт касцёлаў і найперш за сведчанне святарскага жыцця.

Таксама іерарх падзякаваў за кожнае прыгожае сведчанне святара і хрысціяніна і пажадаў яшчэ мацнейшага з’яднання з Хрыстом-Святаром і яшчэ большай любові да ўласнага святарства.

«Жадаю вам, дарагія браты, каб вы былі святарамі блізкімі, якія ідуць сярод даверанага вам народу з блізкасцю, чуласцю і клопатам Добрага Пастыра. Тады Божае Слова, якое вы абвяшчаеце, будзе трапляць на жыццядайную глебу чалавечых сэрцаў», — сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч.

Фотарэпартаж ТУТ>>>

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця