17 красавіка, у Вялікую сераду, святары Віцебскай дыяцэзіі на чале са сваім біскупам Алегам Буткевічам сабраліся ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага ў Віцебску, каб разам цэлебраваць святую Імшу Хрызма.
Вітаючы ўдзельнікаў, біскуп Віцебскі падзякаваў за прысутнасць архімандрыту Сяргею Гаеку — Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі і ўраджэнцу Віцебскай дыяцэзіі, і ксяндзу Аляксандру Рагіню, які зараз з’яўляецца першым сакратаром Апостальскай нунцыятуры ў Аргенціне.
У гаміліі, прысвечанай сутнасці святарскага служэння, біскуп, разважаючы над словамі з Кнігі прарока Ісаі «Дух Пана на мне, бо Ён намасціў мяне...», адзначыў: «Гэтае намашчэнне Духам Божым робіць нас асаблівым чынам блізкімі Езусу Хрысту. Настолькі, што яднае нас амаль субстанцыяльна: “...ужо не я жыву, а жыве ўва мне Хрыстус”, — як скажа пра гэта апостал Павел у Пасланні да Галатаў». Тэалогія акрэслівае гэты стан прысутнасці Хрыста ў асобе святара як «Alter Christus» — другі Хрыстус.
«Гэтая праўда павінна абуджаць нашае ўсведамленне таго, што ўсё, што раблю, не раблю сам, — дадаў біскуп. — Пад кожным сваім учынкам падпісваю таксама і свайго Настаўніка.
Таму, хачу гэтага або не, кожны мой учынак будзе здзейснены ў Езусе Хрысце. Тут, ля алтара, у канфесіянале, у касцёле або за ягонымі мурамі. І людзі, як ні дзіўна, гэта менавіта так успрымаюць. Яшчэ ўспрымаюць»
«З іншага боку, — працягваў іерарх, — удзел у службовым Хрыстовым святарстве накладае на мяне абавязак вернасці. Вернасці не проста свайму пакліканню, але сяброўству з Хрыстом. Бо святарства не можа належным чынам функцыянаваць без сяброўства з Тым, хто нас паклікаў».
Біскуп Віцебскі нагадаў, што ў раздзеле паслясінадальнай адгартацыі Christus Vivit, прысвечаным пакліканню, папа Францішак, звяртаючыся да моладзі, між іншым кажа: «Асноўным заданнем з’яўляецца распазнанне і адкрыццё таго, што ад кожнага маладога чалавека Езус чакае сяброўства...»
«Каб быць здольным забыцца пра сябе, пра свае грахі і слабасці, трэба трываць у сяброўстве з Езусам, — падкрэсліў іерарх. — Як яно выглядае з нашага боку? Напэўна, шмат у чым яшчэ пакідае жадаць лепшага.
У любым выпадку можам быць упэўненыя ў адным: Езус са свайго боку застаецца верным сяброўству заўсёды. Таму важна, каб мы да гэтай вернасці вярталіся і яе ў сабе аднаўлялі».
Таксама ён прыгадаў словы, сказаныя арцыбіскупам Лодзі Гжэгажам Рысем: каб мы «не прыдумвалі свайго святарства — яно ўжо даўно прыдумана».
«Бо існуе толькі адно сапраўднае святарства — гэта святарства Езуса Хрыста, таксама прынятае Ім ад Нябеснага Айца і перажытае Ім дакладна, што да ёты, як Бог Айцец прадпісаў, — сказаў біскуп Алег Буткевіч. — І мы бяром удзел у гэтым святарстве, не дзесьці побач, але ў ім, у самым цэнтры гэтага святарства, у Асобе Хрыста — in Persona Christi.
І, як далей кажа арцыбіскуп Гжэгаж: “можна рабіць справы Божыя, а можна — для Бога”. Дык вось, каб мы, як святары, не імкнуліся рабіць нешта для Бога, але рабілі справы Божыя, служылі Касцёлу па-Божаму!»
Удзел у Хрыстовым святарстве — нялёгкая справа. Бо заўсёды мае на ўвазе крыж, які трэба браць на плечы. Крыж спецыфічны і, як звычайна, нязручны. А гэта не вельмі прыемная, хоць і ўзнёслая справа. З іншага боку, калі яго нясем, гэта значыць, што Бог дае нам сілы і што Касцёл, якому служым, моліцца за нас.
Заканчваючы гамілію, іерарх заклікаў прысутных святароў падзякаваць Богу за тое, што запрасіў іх да гэтай місіі, пасля чаго святары аднавілі абяцанні, дадзеныя ў дзень прэзбітэрскага пасвячэння.
Падчас Імшы біскуп благаславіў алей хворых і алей катэхумэнаў і кансэкраваў алей хрызма.
Напрыканцы Эўхарыстыі законныя сёстры ад імя ўсіх святароў і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі павіншавалі біскупа з днём устанаўлення святарства. Яны падзякавалі Віцебскаму ардынарыю за ягонае служэнне і за тое сведчанне, якое ён дае, адзначыўшы, што сведчанне — гэта тое, што прамаўляе найвыразней.