Пошук

16.04.2019 11:36   Тэкст: Андрэй Юхнік / Фота: Віталь Сямёнаў / Catholic.by

З 12 па 14 красавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінырыі ў Гродне пад кіраўніцтвам прэфекта кс. Андрэя Лішко адбыліся рэкалекцыі аб распазнання паклікання для юнакоў.

Тэмай сустрэчы, якая сабрала каля 60 маладых людзей, сталі словы «Калі хочаш Мяне наследаваць, то бяры свой крыж на кожны дзень і ідзі са Мною збаўляць свет».

Праграма была вельмі насычанай. Распачаліся рэкалекцыі св. Імшой, якую цэлебраваў Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч. Пасля Эўхарыстыі іерарх бліжэй пазнаёміўся з вялікай супольнасцю маладых людзей і адказаў на іх пытанні. Увечары ў семінарыйнай капліцы адбылася адарацыя Крыжа.

На другі дзень у плане была канферэнцыя, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, а таксама літургічная сустрэча. Галоўным пунктам стала св. Імша, а вечарам юнакі прынялі ўдзел у агульнагарадскім набажэнстве Крыжовага шляху, якое прайшло на вуліцах Гродна.

У апошні дзень сустрэчы ў Пальмовую нядзелю прысутныя разважалі ў маленькіх групах над значнасцю Вялікага тыдня і Пасхальнага Трыдуума. Перад абедам адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Апошняй падзеяй была сустрэча моладзі з Гродзенскім біскупам на Пабернардынскім узгорку. Пасля гэтага ўдзельнікі ў працэсіі скіраваліся да катэдральнай базылікі св. Францішка Ксавэрыя, дзе біскуп Аляксандр Кашкевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы.

Падчас рэкалекцый прысутныя мелі магчымасць адчуць клімат семінарыйнага жыцця, паразмаўляць з семінарыстамі і духоўнымі айцамі, узбагаціць свае веды адносна праўдаў веры і малітвы, каб глыбей перажыць падзеі Вялікага тыдня і падрыхтавацца да асабістай сустрэчы з уваскрослым Хрыстом.

   

 

Абноўлена 16.04.2019 12:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця