14 красавіка, у Пальмовую нядзелю, у мінскай архікатэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі адбыліся працэсіі ва ўспамін урачыстага ўваходу Езуса ў Ерузалем.
У іх прыняў удзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Звярнуўшыся да вернікаў, іерарх падзякаваў за малітвы ў яго інтэнцыі падчас хваробы. Як адзначыў ён, працэс рэабілітацыі пасля аперацыі на пазваночнік вельмі доўгі і займае ад некалькіх месяцаў да года, таму пацыент моцна абмежаваны ў сваіх дзеяннях.
Арцыбіскуп выбачыўся перад вернікамі, што не зможа ў поўную сілу служыць ім, і папрасіў далей маліцца ў яго інтэнцыі, каб ён як мага хутчэй мог нармальна служыць Касцёлу.
Таксама іерарх нагадаў, што набажэнства Пальмовай нядзелі складаецца з дзвюх частак: працэсіі з пальмамі (у нас вербы) і самой Імшы. Перад працэсіяй чытаецца Евангелле, якое распавядае пра ўрачысты ўваход Езуса ў Ерузалем. Людзі з энтузіязмам вітаюць Езуса пальмовымі галінкамі, якія з’яўляюцца сімвалам перамогі.
Сапраўды, адзначыў арцыбіскуп, Сын Божы стаўся чалавекам, каб збавіць чалавецтва з палону граху, каб перамагчы зло і смерць. Людзі, аднак, хацелі бачыць у Ім палітычнага дзеяча, які выбавіў бы іх з-пад улады рымлянаў. І таму праз некалькі дзён тыя ж самыя людзі прасілі Пілата ўкрыжаваць Езуса, аб чым распавядае чытанне Мукі Пана падчас святой Імшы.
Па словах іерарха, гісторыя Пальмовай нядзелі і Вялікай пятніцы не завяршылася.
«Яна паўтараецца ў нашым жыцці. Мы ахрышчаны, але ў той жа час вельмі часта не жывём згодна з Божым законам і гэтым самым укрыжоўваем Езуса», — дадаў ён.
«Таму набажэнства Пальмовай нядзелі заахвочвае нас адказаць на пытанне: з кім мы? З тымі, якія заўсёды застаюцца вернымі Богу і хрысціянскаму пакліканню, ці з тымі, якія жадаюць смерці Бога? Кожны з нас добра ведае, што такое флюгер. Ён паварочваецца ў той бок, у які дзьме вецер. Вятры сучаснасці не адпавядаюць духу Евангелля. Таму мы павінны чуваць, каб ім не паддацца і не быць духоўнымі флюгерамі», — сказаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Арцыбіскуп пажадаў вернікам перажыць Вялікі тыдзень у духу навяртання і пакаяння, каб праз гэты тыдзень з чыстымі сэрцамі заспяваць радасны гімн перамогі Езуса: «Аллелюя!»
Падчас святой Імшы з удзелам дзяцей у 10.00 арцыбіскуп правёў традыйцыйную апытанку маленькіх вернікаў пра значэнне Пальмовай нядзелі, а таксама сімвал восліка, на якім Езус уехаў у Ерузалем, і сімвал пальмаў як знак перамогі. Іерарх пахваліў дзяцей за добрыя і адмысловыя адказы.
У сваёй гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама сказаў пра недапушчальнасць знішчэння крыжоў — святога для ўсіх хрысціянаў знака мукі Хрыста, — што ў апошні час ужо двойчы адбылося ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў гады савецкага тэрору былі забітыя і пахаваныя тысячы нявінных людзей.