5 красавіка ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыўся дзень засяроджання, які стаў адным з фінальных этапаў падрыхтоўкі будучых святароў да велікодных урачыстасцяў.
На запрашэнне правесці духоўныя практыкаванні для семінарыстаў адгукнуўся кс. Віктар Місевіч, канцлер курыі Віцебскай дыяцэзіі. Ва ўводнай прамове ён заахвоціў семінарыстаў да большага паглыблення духоўнага жыцця ў капліцы — майстэрні сэрцаў.
Святар прывёз з сабою копію абраза Лукі Джардано «Агонія Хрыста ў Гетсэманскім садзе» і прапанаваў засяродзіцца над чуваннем Езуса перад смерцю і слабасцю Яго вучняў.
«Якое месца займаў бы я на гэтым абразе? Як будучы alter Christus — другі Хрыстус — ці стаў бы я на месцы Езуса? Якая місія „другога Хрыста“?» — гэтыя пытанні сталі для семінарыстаў заклікам да разважання і адказу на іх перш за ўсё самім сабе. Першая сустрэча завяршылася эўхарыстычнай адарацыяй у цішыні.
Раніцай падчас Ютрані семінарысты разважалі над тэмай Божай Міласэрнасці, а падчас канферэнцыі кс. Віктар звярнуў увагу на некалькі галоўных аспектаў фарміравання святарства: будаванне супольнасці вучняў Хрыста, каб Касцёл заўсёды быў для нас сям’ёй; неабходнасць і важнасць малітвы, каб быць Божым чалавекам; Эўхарыстыя — цэнтр адносінаў чалавека з Богам; споведзь, якая вучыць кожнага глядзець на сябе ў святле праўды і быць пакорным; старанная вучоба, бо трэба быць заўсёды гатовым абараніць каталіцкі светапогляд.
Пасля перапынку адбыўся Крыжовы шлях на аснове тэкстаў Святога Пісання.
Пасля абеду семінарысты адаравалі Найсвяцейшы Сакрамэнт і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Галоўным пунктам сустрэчы стала Эўхарыстыя, падчас якой духоўны кіраўнік дня засяроджання падвёў яго вынікі і заклікаў будучых прэзбітэраў не баяцца складанасцяў, а ісці наперад да Хрыстовага святарства.