Пошук

04.04.2019 15:41   Паводле: Сatholicnews.by / Catholic.by

Віцебская абласная арганізацыя ГА «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» падвяла вынікі чарговага агляду-конкурсу рэгіянальнага друку Віцебшчыны па ўжыванні беларускай мовы «З беларускім словам». Газета «Каталіцкі Веснік» заняла першае месца ў намінацыі «Недзяржаўныя выданні».

Па інфармацыі Сatholicnews.by, вынікі зацверджаны на пасяджэнні рады 17 лютага.

Як паведаміў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ Юрась Бабіч, мэтай агляду-конкурсу было заахвочванне рэдакцый да паўнавартаснага выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы на старонках газет; папулярызацыя беларускай культуры і гісторыі Беларусі; інфармаванне органаў улады, грамадскасці аб стане ўжывання беларускай мовы ў сродках масавай інфармацыі вобласці.

Агляд-конкурс праводзіцца абласной арганізацыяй ТБМ на Віцебшчыне рэгулярна і ў некалькіх катэгорыях:

  • абласныя, гарадскія газеты;
  • раённыя газеты;
  • недзяржаўныя выданні;
  • ведамасныя выданні.

Пры падвядзенні вынікаў агляду-конкурсу ўлічвалася выкарыстанне беларускай мовы ў ходзе падрыхтоўкі матэрыялаў супрацоўнікамі рэдакцый, наяўнасць беларускамоўных публікацый творчага характару і літаратурных старонак, культура мовы, выступленні афіцыйных асобаў на старонках газет па-беларуску, ужыванне беларускай мовы ў выступах у друку святароў, а таксама беларуская мова ў тэкстах віншаванняў, спачуванняў, рэкламы і аб’яў.

У склад журы агляду-конкурсу ўваходзілі выкладчыкі ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, прафесійныя журналісты — сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, пісьменнікі, грамадскія дзеячы, кіраўнікі абласной арганізацыі ТБМ.

У намінацыі «Недзяржаўныя выданні» журы прысудзіла перамогу, як і ў мінулы раз, адразу дзвюм газетам: «Каталіцкаму Весніку» (галоўны рэдактар кс. Віктар Місевіч) і «Вольнаму Глыбокаму» (галоўны рэдактар Уладзімір Скрабатун).

Сайт «Каталіцкага Весніка» таксама заняў першае месца па наведвальнасці сярод беларускамоўных сайтаў Віцебшчыны.

Рэдакцыя партала Catholic.by шчыра віншуе калег з прызнаннем іх дасягненняў і жадае далейшых поспехаў і плённай працы ў высакароднай справе абвяшчэння землякам Добрай Весткі на роднай мове.

Абноўлена 04.04.2019 16:44
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.