Пошук

02.04.2019 12:55   Тэкст: Юлія Алейнікава / Фота: Аксана Малахава / Catholic.by

30 сакавіка група вернікаў з трох парафій Магілёва наведала Кальварыю ў Мядзелі і Івянец.

Раніцай пілігрымы — усяго 20 чалавек — вырушылі на аўтобусе ў Мядзел. Падарожжа напаўнялі малітвы Ружанца, Літургіі гадзінаў і размовы. Пасля пасілку і гарбаты ў кляштары айцоў кармэлітаў, якія прынялі вернікаў вельмі гасцінна, да магілёўскай групы далучыліся каля 10 дамініканскіх тэрцыярыяў.

У гэтым складзе пілігрымы прыбылі на новую Кальварыю ў Мядзелі, якая знаходзіцца прыблізна ў 2-х км ад касцёла і кляштара. Падчас Крыжовага шляху глыбокаму перажыванню стацый Мукі Пана Езуса спрыялі разважанні, заснаваныя на «Дзённіку» св. сястры Фаўстыны Кавальскай, у якіх змешчаны яе дыялогі з Хрыстом: глыбокія, кранальныя, якія заклікаюць да навяртання. Крыжовы шлях, які ідзе праз лес на працягу каля 2,5 км, быў напоўнены спевам Песняў жальбы, малітвамі Ружанца і Вяночка да Божай Міласэрнасці і доўжыўся каля дзвюх гадзін.

Варта адзначыць, што стацыі Крыжовага шляху мядзельскай Кальварыі простыя і прыгожыя, зробленыя з каменя, цэглы і дрэва, у выглядзе капліц, у цэнтры якіх знаходзяцца выявы пакутаў Езуса.

Гэты старанна падрыхтаваны шлях сярод прыроды дапамагае маліцца і ўзносіць сэрцы да Бога.

Пасля ў касцёле кармэлітаў адбылася св. Імша, а потым — сустрэча за супольным сталом і канферэнцыя, з якой выступіла свецкая асоба на тэму харызмы айцоў дамініканаў. Няма нічога дзіўнага ў тым, што ў гасцях у кармэлітаў знаходзяцца тыя, хто звязаны з дамініканскай духоўнасцю, бо і сама св. Тэрэза ад Езуса, рэфарматарка Кармэлю ў XVI ст., вельмі цёпла ўзгадвае ў сваіх працах кантакты з дамініканамі.

З Мядзела пілігрымы накіраваліся ў Івянец у кляштар францішканаў. Захапляе вынаходлівасць гаспадароў гэтага месца: тут створаны пляцоўка гульняў для дзяцей, спартовая зала для жыхароў, добра ўладкаваныя памяшканні для скаўтаў, маленькі заапарк, кавярня з прыемным абслугоўваннем і смачнай кавай і прыгожы касцёл, з гісторыяй якога пазнаёміў пілігрымаў пробашч а. Лех Баханэк OFM Conv.

Годная наследавання адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая праходзіць тут цэлыя суткі і для якой айцы францішкане зрабілі ў сутарэннях касцёла прыгожую капліцу.

Пілігрымы затрымаліся тут, каб пабыць некалькі хвілін у прысутнасці Езуса — Любові, якая «маўчыць, але дзейнічае», як сказаў папа Бэнэдыкт XVI. Сярод многіх нечаканасцяў, якія сустрэліся ім у Івянцы, узрушыла таксама тое, што а. Лех, якога яны папярэдзілі аб сваім прыездзе, пачаставаў іх вячэрай.

З вялікай зацікаўленасцю пілігрымы аглядалі касцёльна-кляштарны комплекс з усімі цудоўнымі дадаткамі, што былі створаныя з думкай пра «Музычную майстэрню», якая тут праходзіць, жыхароў і гасцей Івянца. Хочацца заахвоціць беларускіх католікаў пілігрымаваць у Мядзел і Івянец. Прыязджайце! Гэта месцы асаблівыя, дзе можна ў групе або індывідуальна ў атмасферы засяроджанасці сустрэць Пана Бога.

З Івянца пілігрымы вярнуліся шчаслівыя ў Магілёў незадоўга да поўначы. Было варта!

Абноўлена 02.04.2019 13:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця