Пошук

01.04.2019 11:45   Тэкст: Ліля Шайхова / Фота: Дзмітрый Крывенка, с. Вераніка Круглова ОР / Catholic.by

30 сакавіка моладзь Магілёўскага рэгіёна сабралася на велікапоснае чуванне ў бабруйскім касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Тэмай сустрэчы стала Божая Міласэрнасць.

Усяго ў чуванні ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчат з розных парафій Магілёўшчыны. Ім дапамагалі наблізіцца да Бога кс. Юзаф Сярпейка і сястра Вера з Магілёва, айцец Натанаэль і сястра Дамініка з Асіповічаў. Разам з моладдзю разважалі і маліліся кс. канонік Андрэй Яркавец, пробашч парафіі ў Бабруйску, сёстры св. Дамініка, якія тут працуюць, кс. Канстанцін Карака, пробашч глускай парафіі, кс. Андрэй Далянскі з Касцюковічаў і іншыя.

Распачалося чуванне з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, якую правяла моладзь з Магілёва.

  

Духоўнае настаўленне для юнакоў і дзяўчат падрыхтаваў кс. Андрэй Далянскі. З яго дапамогай маладыя людзі разважалі пра Божую Міласэрнасць, пра тое, як яна аб’яўляецца ў Старым і ў Новым Завпавеце.

Святар распавёў, якім чынам добры Бог вёў чалавецтва ад першароднага граху да запаведзяў любові, а таксама прапанаваў паразважаць над тым, якім чынам сучасныя людзі могуць стаць сапраўднымі сведкамі Божай міласэрнасці і як навучыцца адказваць любоўю на ўсё, што здараецца ў жыцці.

Адказ на гэтыя няпростыя пытанні моладзь шукала на працягу ўсяго чування. Спрыялі разважанням Крыжовы шлях і тэатральная сцэнка, пастаноўку якіх падрыхтавалі бабруйчане, а таксама Вяночак да Божай Міласэрнасці, што правялі госці з Асіповічаў у музычным суправаджэнні бабруйскага хору. Абмеркаваць свае думкі і пачуцці юнакі і дзяўчаты маглі падчас кава-паўзы.

Пасля перапынку а. Павел Мажэйка ОР з магілёўскай парафіі св. Казіміра заклікаў прысутных да аднаго з найстаражытнейшых спосабаў малітвы Божым словам, што паходзіць ад айцоў пустыні, — Lectio Divina, — каб такім чынам наблізіцца да разумення таямніцы Божай Міласэрнасці.

Скончылася моладзевае чуванне св. Імшой на світанні. Удзельнікі вярталіся дадому стомленыя, але радасныя. Начная малітва напоўніла юнакоў і дзяўчат Магілёўшчыны новым імкненнем жыць у еднасці з Хрыстом.

Абноўлена 01.04.2019 14:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа