У мінскім салезіянскім араторыі пры парафіі святога Яна Хрысціцеля адбылася першая салезіянская Аратарыяда, у якой узялі ўдзел каманды вучняў 5–7 класаў з араторыяў Мінска, Смаргоні і Бараўлянаў.
Як паведамляе партал салезіянаў у Беларусі sdb.by, арганізатарамі спаборніцтваў выступiлi святары салезіяне і салезіяне супрацоўнікі пры дапамозе сясцёр салезіянак і аніматараў. Галоўнымі адказнымі за Аратарыяду былі ксёндз Алег Каралёў SDB і Аляксандр Манчак ASC. Таксама на спартовым свяце прысутнічаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які і распачаў мерапрыемства супольнай малітвай.
Падлеткi паказвалi свае здольнасцi ў настольным тэнісе, настольным футболе, дартсе, шашках, настольнай гульні «Каркасон», інтэлектуальным конкурсе, спартландыі, рухомай гульні «Два капітаны». Галоўнай мэтай спаборнiцтваў было не толькі перамагчы ў асабістым заліку, але і дапамагчы сваёй камандзе атрымаць выніковую перамогу ў Аратарыядзе, бо ўсе балы падлічваліся ў выніковую табліцу. Каманду-пераможца чакаў галоўны прыз — кубак.
Спартовыя баталіі прынеслі ўдзельнікам неверагодныя эмоцыі: радасць перамогі, слёзы і расчараванне паражэння, захапленне і падтрымку сяброў, асалоду ад новых знаёмстваў.
У выніковай табліцы каманда араторыя імя святога Яна Боско з Мінска набрала найбольш ачкоў. Такім чынам, падлеткi з мiнскага араторыя сталi першымi ўладальнікамi жаданага трафея — пераходзячага кубка. На другой прыступцы апынулася каманда араторыя імя святога Яна Боско са Смаргоні, а трэцімi сталi ўдзельнiкi араторыя імя святога Дамініка Савіо з Бараўлянаў.
Напрыканцы мерапрыемства да сабраных звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар падзякаваў усім прысутным за ўдзел у Аратарыядзе і за яе арганізацыю, а таксама выказаў надзею, што гэтымi вясёлымі спаборнiцтвамi была закладзена прыгожая традыцыя і Аратарыяда стане штогадовай падзеяй.