20 сакавіка ў Мінску на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва прайшло ток-шоў па прафілактыцы наркаманіі «Пункт невяртання», у якім як прадстаўнік Касцёла ўзяў удзел кс. канонік Францішак Рудзь.
Культурна-асветніцкая ўстанова ACET BELARUS, якая арганізавала ток-шоў, з’яўляецца некамерцыйнай асветніцкай арганізацыяй, што ўваходзіць у міжнародны альянс АСЕТ — AIDS Care Education Training — «СНІД, клопат, адукацыя, падрыхтоўка».
У эмацыйнай дыскусіі ўдзельнікі ток-шоў шукалі адказу на набалелыя пытанні. Тым, пра што ішла размова, з парталам Catholic.by падзяліўся кс. Францішак Рудзь:
«Гарачы дыялог паказаў, наколькі важна для чалавека знайсці адказы на хвалюючыя яго пытанні, асабліва калі гэта датычыцца наркотыкаў.
Наркотыкі ставяць чалавека на край бездані паміж жыццём і смерцю, паміж захаваннем запаведзяў Божых і грахоўным жыццём.
Некаторыя людзі памылкова лічаць, што ў Бібліі няма прыкладу паводзін у барацьбе з гэтым злом».
Паняцце наркотыкаў увёў славуты лекар старажытнасці Гіпакрат, які жыў у V стагоддзі да нараджэння Хрыста. Ён апісаў дзеянне некаторых рэчываў, якія прытуплялі боль ад траўмы і ўводзілі людзей у транс. Людзям лягчэй было перажыць пакуты пад уздеяннем адурманьваючых зёлак. Такія лекі атрымалі назву фармакея, што ў перакладзе з грэцкай мовы даслоўна азначае «падарожжа ў іншы свет».
У часы Хрыста для палягчэння смерці асуджанага рымскія жаўнеры выкарыстоўвалі адурманьваючыя зёлкі. Аднак гэта не было актам міласэрнасці, а толькі павінна было аблегчыць задачу катам.
Паміраючы на крыжы ў страшэнных муках, Езус некалькі разоў адхіліў прапанаваны яму адурманьваючы наркатычны напой. Ён пажадаў да канца выпіць келіх пакут за нашыя грахі (гл. Мц 27, 34, Мк 15, 23).
У ХХ ст. праблема наркаманіі як адной з формаў хімічнай залежнасці набыла сусветныя маштабы. Адурманьваючыя рэчывы сталі ўсё шырэй выкарыстоўваць не толькі ў медыцынскіх мэтах. Уплыў наркотыкаў на чалавека і наступствы наркаманіі даўно вядомыя. Чалавек, які свядома прымае першую дозу, здзяйсняе цяжкі грэх. Калі чалавек адмаўляецца змагацца за сябе і ўсведамляць сваю памылку, яго душа адкідае Бога. Пустку ў душы хутка запаўняе цемра і адчай.
«Наркотык з’яўляецца там, дзе няма веры ў Бога, якая прыносіць мір і супакой у чалавечыя душы.
Людзі спрабуюць знайсці вырашэнне ўсіх сваіх праблем ці атрымаць задавальненне ў дозе наркотыку, але тым самым толькі ўсё больш аддаляюцца ад Бога і ўжо не могуць рэальна ацэньваць сваё становішча, сілы і лад жыцця», — адзначыў на заканчэнне кс. Францішак Рудзь.