Пошук

20.03.2019 13:52   Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў парафію ў Валожыне, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі.

Звяртаючыся да вернікаў гэтай парафіі, апекуном якой з’яўляецца святы Юзаф, і ўсіх прысутных, арцыбіскуп сказаў, што папа Францішак вельмі шануе гэтага святога.

«На ягоным пісьмовым стале ёсць незвычайная фігура святога Юзафа, які... ляжыць і спіць.

Папа расказваў, што, калі мае нейкія праблемы ці цяжкасці, то піша іх на картцы і кладзе пад фігурку св. Юзафа,

— распавёў іерарх. — Сапраўды, святы Юзаф у сне атрымаў ад Бога найважнейшыя пасланні і адказы: і пра цудоўнае мацярынства Марыі, і пра імя Дзіцяці, і пра задумы Ірада...

Папа Францішак і яго фігура св. Юзафа. Фота PildorasdeFe.net

Бог даверыў яму самае дарагое і самае слабое — маладую дзяўчыну і маленькае Дзіця, якія перамянілі лёс чалавецтва, наш лёс. І Юзаф дасканала выканаў сваю місію, таму што слухаў Божы голас і быў Яму верны».

«Юзаф — чалавек глыбокага духоўнага жыцця, чалавек працы, чалавек адвагі, чалавек, які ў той момант меў самы вялікі і бясспрэчны аўтарытэт, — адзначыў Апостальскі нунцый у гаміліі. — Яго слухала Марыя — Абранніца і Маці Бога, яму падпарадкоўваўся Езус — Божы Сын.

Усё, што ён вырашаў зрабіць, прымалася і выконвалася без дыскусій. І, тым не менш, колькі ў ім пакоры і пяшчоты. Ён ніколі не злоўжываў уладай, ніколі не думаў пра сябе, аддаў сваё жыццё Богу і Ягоным планам, забыўшыся пра свае, прысвяціў свае здольнасці, сілы, увесь свой час сям’і — Марыі і Езусу».Звяртаючыся да моладзі, якая прымала ў гэты дзень сакрамэнт канфірмацыі, арцыбіскуп заклікаў:

«Выконвайце сумленна вашыя абавязкі — у вучобе, у працы, будзьце вернымі сынамі і дочкамі, вернымі сябрамі, дапамагайце тым, хто ў бядзе. Не бойцеся адказнасці, ахвярнасці і не глядзіце са страхам у будучыню: наперадзе заўсёды ёсць святло. Вучыцеся ў Юзафа: якія б цяжкасці ні сустрэў, ён ніколі не губляў веру і змог пераадолець усё. Чаму? Таму што слухаў голас Бога».

Фота Паўліны Барадзевіч (з архіва)

«Бог даручыў Юзафу вялікае заданне. І ён прыняў Божы праект — нялёгкі, незвычайны, поўны перашкодаў і поўны цудаў, адмовіўшыся ад свайго звычайнага, нармальнага, як ува ўсіх, стабільнага і пэўнага, — дадаў іерарх. — Прыняўшы Божы план, Юзаф стаў яшчэ больш свабодным і вялікім, стаў сабой, у поўнай меры рэалізаваўся як асоба: і якая асоба! Бог зрабіў яго найвялікшым святым, найбліжэйшым супрацоўнікам, пасля Марыі, у справе Збаўлення».

«Слухаць голас Бога ў сэрцы, голас Святога Духа, якога хутка атрымаеце ў дар ад Айца, — гэта першы крок да сапраўднага шчасця, — падкрэсліў арцыбіскуп. — Нягледзечы на цяжкасці, часам боль, сумненні, барацьбу са злом у сабе і вакол сябе, Бог адзіны можа напоўніць вас радасцю, супакоем, святлом, моцай, адвагай, перамогай, новымі ідэямі, спаўненнем мараў, незвычайнымі прыгодамі.

Але для гэтага Ён чакае вашага так“ — „Так, Ойча, я хачу паслухаць Твае прапановы, бо веру, што усе яны — гэта Твая Любоў да мяне, хоць я і не разумею многага і баюся“».

«Не бойцеся марыць з Богам! — заахвоціў Апостальскі нунцый маладых вернікаў. — З Ім збываюцца не толькі нашыя маленькія мары, але і тое, аб чым мы нават не можам падумаць!

Жывіце, робячы дабро. Не рабіце, як усе, рабіце, як Езус! Любіце ахвяру, працу над сабой: чыстая душа, чыстыя думкі, чыстыя словы, чыстыя ў целе. Скажыце Богу „так“ і злу — „не“! Пасябруйце блізка з гэтым маладым прыгожым чалавекам па імені Езус. Ён прагне вашага сяброўства, вашых сэрцаў».

«Вы — прыгожыя, таму што такімі стварыў вас Бог з вялікай любоўю, — сказаў прадстаўнік папы Францішка. — Заставайцеся такімі — чыстымі і духмяным, як гэты благаслаўлёны алей, які пранікае ў цэнтр душы і з’яўляецца знакам дароў Святога Духа».

Фота Аляксандры Шчыглінскай (з архіва)

Абноўлена 20.03.2019 16:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа