Пошук

21.03.2022 16:06   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, у Валожыне з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага адзначылі парафіяльную ўрачыстасць тытула касцёла.

Валожынскія вернікі шчыра прывіталі ў сваёй супольнасці арцыпастыра, які ў гэты дзень святкаваў імяніны.

На пачатку святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў іерарх, пробашч парафіі ў Валожыне ксёндз доктар Генрых Акалатовіч, які з 2005 года з’яўляецца душпастырам гэтай супольнасці, выказаў словы ўдзячнасці за прысутнасць арцыбіскупа:

«Дзякуй Пану Богу за тое, што з намі гэтае свята раздзяляе наш арцыпастыр Юзаф». Звяртаючыся да прысутных, пробашч коратка нагадаў гісторыю валожынскай святыні. Святар адзначыў, што ў змрочныя савецкія часы будынак касцёла выкарыстоўваўся як склад мэблі гандлёвай арганізацыі, а пасля быў ператвораны ў цэх будаўнічага жалезабетону. Тады па святыні ездзілі машыны і трактары. Нарэшце, тут таксама размяшчаўся філіял мінскага завода «Тэрмапласт».

«У часы жорсткага пераследу мала хто верыў, што касцёл зноў можа быць Домам Божым, аднак ў Бога свае планы. Цяпер мы бачым велічную святыню, месца спаткання чалавека з Творцам. Калі чалавек ідзе да Бога, ідзе па Яго дарозе, то Пан Бог усё дае», — дадаў святар.

Маладыя вернікі парафіі павіншавалі арцыбіскупа Юзафа з імянінамі, пажадаўшы яму з радасцю і надзеяй смела ісці наперад шляхам пастырскага служэння.

«Няхай асоба вашага нябеснага апякуна святога Юзафа служыць вам прыкладам мужнасці, адвагі і працавітасці на ніве духоўнага жыцця», — выказала пажаданне парафіяльная моладзь. Прывітаць арцыпастыра і памаліцца разам з ім у Валожын прыбылі таксама вернікі з суседніх парафій: Вішнева, Пяршаяў, Івянца, Ішкалдзі і іншых мясцін.

У гаміліі арцбіскуп Станеўскі звярнуў увагу на асобу святога Юзафа як Апякуна паўсюднага Касцёла.

«Можна задавацца пытаннем, чаму Бог выбраў яго? Вядома, кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Пана Бога. Аднак трэба распазнаць падабенства Бога ў іншым чалавеку, бо ўсе мы браты і сёстры, нам няма чаго дзяліць. Таму Пан Бог хоча, каб мы глядзелі па-божаму на іншых. Гэта значыць сэрцам, бо вочы часамі нас могуць падмануць.

Менавіта з сэрца нараджаюца нашыя думкі, планы, памкненні, і таму мы сёння прыходзім сюды, каб нашыя сэрцы настроіць на хвалю сэрца Езуса. У гэтым нам дапамагае святы Юзаф», — падкрэсліў іерарх.

Звяртаючыся да прысутнай моладзі, ён пажадаў каб сваім жыццём яна была добрым прыкладам для аднагодкаў, каб мела жаданне ісці да святасці і моцна трываць у веры, як святы Апякун Касцёла.

На заканчэнне святой Імшы ксёндз Акалатовіч заўважыў, што Валожын мае сваю міжканфесійную адметнасць. «Калі пад’язжаеш да горада, з любога кірунку заўсёды ўбачыш, што побач стаяць каталіцкі і праваслаўны крыж ў знак адзінства хрысціянскай сям’і. Так, у 2006 годзе на скрыжаванні Цэнтральнай і Савецкай вуліц была ўсталявана фігура Сэрца Пана Езуса.

Помнік з двума крыжамі быў усталяваны ў знак памяці аб жудасных баях, якія адбываліся ў гэтым месцы ў час вайны, каб Пан Езус сваім Найсвяцейшым Сэрцам ахінуў Валожынскую зямлю і ўсю нашу Бацькаўшчыну, каб не было нянавісці, варожасці, каб панаваў мір і спакой, і ўсе людзі імкнуліся да Сэрца Пана Езуса як крыніцы Божай любові», — падкрэсліў пробашч валожынскай парафіі.

 

Абноўлена 21.03.2022 17:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа