Пошук

20.03.2019 08:00   Catholic.by

Прапануем пазнаёміцца з гісторыяй шчаслівых адносінаў Дзмітрыя і Аксаны Жэрш, якія ім дапамаглі будаваць «Вечары для закаханых», арганізаваныя рухам «Сужэнскія сустрэчы».

Дзмітрый: «На двары быў 2011 год. У адзiн з восеньскiх дзён Аксана прапанавала мне паўдзельнiчаць у „Вечарах для закаханых“, якiя ладзiлiся ў Чырвоным касцёле. У той час я нават не ўсведамляў сабе, што гэта такое. Зусiм не задумваўся пра фармат „Вечароў“, iх працягласць, змест i прызначэнне. На той час мы ўжо былi заручаныя, i адзiным аргументам для наведвання гэтага мерапрыемства было жаданне маёй каханай».

Аксана: «На „Вечары для закаханых“ я iшла свядома. Мы ўжо рыхтавалiся да сакрамэнту сужэнства, здаецца, нават запланавалi дату вяселля. Выпадкова я даведалася пра „Вечары“.

Удзел у іх я разглядала як магчымасць лепш пазнаць чалавека, з якiм збiралася будаваць сям’ю. У той жа час прысутнiчаў страх, што, пазнаўшы Дзiму блiжэй, я зразумею, што ён мне не падыходзiць, што я не гатовая прысвяцiць яму свае жыццё».

Дзмітрый: «Без усялякiх думак i падрыхтоўкi я прыйшоў у вызначаны час у вызначанае месца. Але, выйшаўшы ўжо з першай сустрэчы, я чакаў наступную. I так працягвалася да самага канца.

Я нават не ўяўляў, якiя неверагодныя эмоцыi змагу перажыць на працягу ВДЗ. Я быу напоўнены пачуццём любовi, шчырасцi i даверу да маёй каханай.

Менавiта там я змог весцi дыялог з Аксанай на самыя патаемныя, самыя нязручныя тэмы. Гэта было шчыра, адкрыта, часта са слязьмi на вачах. Трымаючы сваю любую за руку i гледзячы ёй у вочы, я гаварыў аб тым, аб чым нiколi не змог бы пагаварыць з ёй у штодзённым жыццi без спецыяльных для гэтага ўмоваў».

Аксана: «Прыемная атмасфера рамантыкi i прыязнасці, душэўныя i адкрытыя вядучыя — усё гэта было нечаканым i прывабным, не хацелася прапускаць сустрэчы i спазняцца на iх, нягледзячы на стомленасць на працы, халоднае восеньскае надвор’е i розныя штодзённыя клопаты.

Вопыт сем’яў, пачуты на „Вечарах“, дапамог пазбавіцца ад „ружовых акуляраў“ у поглядзе на сям’ю, паказаў шматграннасць сужэнскага жыцця. Я захаплялася пачутымi гiсторыямi, сведчаннямi сямейных пар, якiя запэўнiлi, што няма невырашальных праблем, калi людзi кахаюць адно аднаго. З гэтым энтузiязмам i надзеяй я адказвала Дзiму „так“».

Дзмітрый: «Я быў у захапленнi ад сямейных пар, якiя вялi „Вечары для закаханых“. Для мяне было вельмi важна i дзiўна пачуць i ўсвядомiць, што людзi рознага ўзросту, тэмпераменту i стажу сужэнскага жыцця ў час сваёй закаханасцi перажывалi тое ж самае, што i мы. Многiя тэмы, узнятыя iмi, чырвонай нiткай пранiзвалi i нашыя адносiны».

Аксана: «На пачатку мне здавалася, што нiчога асаблiва новага я не даведаюся пра Дзiму, таму што мы былi знаёмыя ўжо некалькi гадоў, шмат размаўлялi, абмяркоўвалi розныя сiтуацыi, марылi i будавалi планы.

Але падчас „Вечароў для закаханых“ я пазнала Дзiму з розных бакоў, убачыла шмат новага ў iм. Я стала больш давяраць, захапляцца i прымаць яго такiм, якi ён ёсць. Асаблiва дзiўным для мяне было адрозненне ў колькасцi дзяцей, якiх мы хацелi мець».

Дзмітрый: «У вынiку „Вечароў“ я адкрыў цудоўны спосаб дыялогу са сваёй каханай. Я ўсвядомiў, што магу гаварыць адкрыта на любую тэму, пры гэтым не баяцца быць не зразуметым ёю або высмеяным. Я быу поўны ўпэўненасцi, што сапраўды хачу ажанiцца з гэтай дзяўчынай i быць з ёю разам заўсёды. У сваім сужэнскім жыцці я заўсёды з цеплынёй узгадваю пра ВДЗ. Яны засталiся ў маёй памяцi як вельмі моцная прылада для будавання дыялогу.

У шлюбе мы ўжо амаль 7 гадоў. За гэты час у нас нарадзiлася трое дзетак».

Свой уласны непаўторны рэцэпт шчаслівых адносінаў да шлюбу і ў сужэнстве вы таксама можаце знайсці, узяўшы ўдзел у «Вечарах для закаханых», якія праходзяць у Мінску.

Абноўлена 28.03.2023 14:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.