Пошук

15.03.2019 14:57   Тэкст і фота: Прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі / Catholic.by
Выкананне канцэртнай праграмы Stabat Mater

У Белтэлерадыёкампаніі адбыліся здымкі канцэртнай праграмы Stabat Mater, якая стане падарункам усім вернікам напярэдадні Вялікадня 20 красавіка і дапаможа глыбей перажыць таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста разам з Балеснай Маці.

Вядомы рэлігійны твор на музыку Франсіса Пуленка прагучыць у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі» і сімфанічнага аркестра Белтэлерадыёкампаніі. Дырыжор — Вільгельм Кайтэль.

Вядома больш за 200 варыянтаў музычных кампазіцый на сярэднявечны каталіцкі тэкст Stabat Mater — «Маці Балесная стаяла ў слязах пад крыжам».

Акадэмічны хор Белтэлерадыёкампаніі

Сярод кампазітараў XVIII–XIX стагоддзя, якія звярталіся да гэтага твора, Вівальдзі, Пергалезі, Гайдн, Шуберт, Расіні, Дворжак, Вердзі. Адным з кампазітараў XX стагоддзя, які напісаў кантату Stabat Mater для пяцігалоснага хору і аркестра, з’яўляецца французскі піяніст і музычны крытык Франсіс Пуленк. Ён абапіраўся на традыцыйны жанр і стварыў, па яго словах, «заступніцкую малітву» ў дванаццаці частках.

Музычную праграму Франсіса Пуленка «Stabat Mater» у студыі Белтэлерадыёкампаніі «600 метраў» выканалі сімфанічны аркестр і акадэмічны хор медыяхолдынгу.

Сімфанічны аркестр Белтэлерадыёкампаніі

Ім удалося перадаць драматургію, закладзеную кампазітарам, праз узаемадзеянне двух калектываў — хора і аркестра. Малітоўны характар твора перадае павольны тэмп некаторых частак і спевы хору а капэла — без аркестровага суправаджэння. У запісе ўзяла ўдзел салістка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Ірына Кучынская, вядомая па ролях у спектаклях «Чароўная флейта» і «Травіята».

Дырыжыраваў сімфанічным аркестрам і хорам Белтэлерадыёкампаніі Вільгельм Кайтэль, з якім медыяхолдынг даўно і плённа супрацоўнічае.

Тэлеканал «Беларусь 3» зробіць сапраўдны падарунак сваім гледачам напярэдадні Вялікадня, калі яны змогуць пачуць у жывым выкананні глыбокі рэлігійны твор Франсіса Пуленка Stabat Mater.

Акрамя таго, Белтэлерадыёкампанія рыхтуе традыцыйныя прамыя трансляцыі набажэнстваў, пасланняў і благаслаўлення папы Францішка з Ватыкана, а таксама тэматычныя выпускі праграм у гэтыя святочныя дні.

Пра праграму тэлевізійных рэлігійных перадач, прымеркаваных да Велікодных урачыстасцяў, партал Catholic.by паведаміць дадаткова.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа