Пошук

15.03.2019 11:12   Паводле: Кс. Юрый Марціновіч / Grodnensis.by / Фота: Руслан Кулевіч / Hrodna.life / Catholic.by

14 сакавіка партал Гродзенскай дыяцэзіі Grodnensis.by са спасылкай на дыяцэзіяльную курыю паведаміў пра тое, што ў турыстаў з’явілася магчымасць зблізку ўбачыць самы стары драўляны будынак у Беларусі — лямус, які з’яўляецца ўласнасцю Касцёла.

У сувязі з вялікай зацікаўленасцю ўнікальнай пабудовай турыстаў з Беларусі і з замежжа курыя Гродзенскай дыяцэзіі паведаміла, што ў тэставым рэжыме пачаліся экскурсіі па тэрыторыі былога брыгіцкага кляштара, на якой знаходзіцца старажытны лямус — самы стары драўляны будынак, які захаваўся ў Беларусі.

Па папярэднім запісе турысты ў складзе арганізаваных груп могуць зблізку ўбачыць адзіны у сваім родзе ў нашай краіне архітэктурны помнік, што быў пабудаваны без аніводнага цвіка.

Гэта ўнікальны ў многіх адносінах аб’ект, які вылучаецца асаблівай канструкцыяй і формай і ўяўляе сабой вялікую гістарычную каштоўнасць.

Усярэдзіну будынка ўвайсці немагчыма, бо там працягваюцца рэстаўрацыйныя працы: сталярныя і аддзелачныя. У будучыні ў лямусе плануецца адкрыць музей Гродзенскай дыяцэзіі з пастаяннай экспазіцыяй, у якую ўвойдуць гістарычныя дакументы, фотаздымкі і артэфакты, а таксама кнігі і творы сакральнага мастацтва.

Частку будучай экспазіцыі ўжо цяпер можна ўбачыць у старажытных сутарэннях касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі былога брыгіцкага кляштара.

Пра гэты невялічкі музей уратаваных касцёльных каштоўнасцяў клапоціцца моладзь з Гродзенскага акадэмічнага душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN, а экскурсіі па папярэднім запісе праводзіць адказны за душпастырства моладзі Гродзенскай дыяцэзіі кс. Антоні Грэмза.

Рэстаўрацыя лямуса на дзядзінцы брыгіцкага кляштара праходзіць з 2016 г. За гэты час спецыялістам удалося правесці вялікі аб’ём працаў па захаванні ўнікальнага драўлянага будынка, які, паводле некаторых крыніц, датуецца 1630 годам.

Лямус з’яўляецца ўласнасцю Гродзенскай дыяцэзіі Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Над яго аднаўленнем працуюць архітэктары, інжынеры, дызайнеры і іншыя кваліфікаваныя спецыялісты. Яны выкарыстоўваюць гістарычныя будаўнічыя тэхналогіі, маючы багаты вопыт у гэтай галіне. Помнік аднаўляецца дзякуючы датацыям Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.

Экскурсія па тэрыторыі былога кляштара брыгітак бясплатная, але тут можна пакінуць свае ахвяраванні, якія будуць прызначаны на аднаўленне аб’екта.

Дамовіцца на экскурсію для арганізаваных груп можна па тэлефоне: +375 29 582 59 64 — Гражына Шалкевіч

Абноўлена 15.03.2019 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа