На пачатку Вялікага посту ўдзельнікі моладзевай супольнасці Ubi Caritas у мінскім касцёле на Залатой Горцы пры падтрымцы «Радыё Марыя» зрабілі запіс літургічных спеваў, якія плануецца выпусціць на дыску.
Ubi Caritas («Дзе любоў») — супольнасць хрысціянскай моладзі, якая ўзнікла ў 2016 годзе. Штуршком да яе стварэння сталі Сусветныя дні моладзі ў Кракаве і «Музычная майстэрня» ў Івянцы, дзе і пазнаёміліся адзін з адным маладыя людзі з розных куткоў Беларусі.
Усіх удзельнікаў супольнасці — як прафесійных музыкаў, так і аматараў, — яднае захапленне хрысціянскай музыкай, перадусім літургічным спевам.
Карыстаючыся духоўнай апекай айцоў францішканаў, удзельнікі супольнасці Ubi Caritas штомесяц збіраюцца ў івянецкім кляштары, прычым не столькі для таго, каб удасканальваць сваё музычнае майстэрства, колькі для таго, каб паглыбіць еднасць з Богам праз супольную малітву, удзел у Эўхарыстыі і духоўныя настаўленні, а таксама праз служэнне спевам у парафіі святога Міхала Арханёла.
Чаму менавіта літургічны спеў? Па словах удзельнікаў, ён стаў той агульнай справай, якая дапамагае быць бліжэй адзін да аднаго і яднае супольнасць. Варта адзначыць, што Ubi Caritas акрэслівае сябе менавіта як супольнасць, а не гурт ці хор.
Літургічны спеў стаў для юнакоў і дзяўчат прасторай сустрэчы з Хрыстом у Ягоным дзеянні, дыялогам са Словам, спосабам глыбей перажываць Эўхарыстыю і дзякаваць за тое, што маеш, за магчымасць спяваць для Яго.
Малітва, інтэграцыя, супольныя ініцыятывы і сяброўства ў штодзённасці дапамагаюць удзельнікам супольнасці адчуваць сябе жывым Касцёлам, вучыцца любіць і дзяліцца, адкрываць Бога не толькі ў харастве музыкі, але перш за ўсё ў іншым чалавеку.
Хоць супольнасць існуе адносна нядаўна, гэтае «дрэва» ўжо паспела даць добрыя плады. Сярод іх — дапамога ў правядзенні «Музычных майстэрняў» і сустрэч моладзі ў Івянцы, арганізацыя і правядзенне першага «КІНГу» (каталіцкай інтэлектуальнай гульні), музычных майстар-класаў у Навагрудку, запіс велікапосных рэкалекцый і спеваў на словы Рыгора Барадуліна…
Многія пачынанні маладых людзей убачылі свет дзякуючы «Радыё Марыя».
Сюды ж можна аднесці і запіс літургічных твораў, які быў зроблены некалькі дзён таму ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Запісаныя спевы неўзабаве з’явяцца на дыску. Сачыце за інфармацыяй на «Радыё Марыя» і на партале Catholic.by.