10 сакавіка, у І нядзелю Вялікага посту, студэнты ІІІ і IV курсаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне падчас Эўхарыстыі атрымалі з рук дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага паслугі лектарату і акалітату, а студэнты V курса сталі кандыдатамі да прыняцця дыяканату.
Велікапосныя рэкалекцыі, якія прайшлі ў семінарыйнай супольнасці напярэдадні, паспрыялі падрыхтоўцы будучых святароў да свядомага прыняцця чарговых паслугаў на шляху падрыхтоўкі да святарства.
З гэтага моманту лектар будзе не толькі абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, але і чэрпаць з Божага слова веру і адвагу, каб увасабляць яго ў жыццё ў выкананні штодзённых абавязкаў.
Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да найбольшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яны маглі яшчэ больш прыпадобніцца да свайго Настаўніка Езуса Хрыста.
Тры кандыдаты да прыняцця святога стану дыяканату цяпер пачнуць рыхтавацца да заданняў, якія Касцёл у будучыні паставіць перад імі, а менавіта да абвяшчэння Божага слова, дапамогі святару падчас цэлебрацыі літургіі, а таксама служэння найбольш патрабуючым.
Падчас святой Імшы, якая адбылася ў капліцы семінарыі, студэнты зрабілі яшчэ адзін вельмі значны крок на шляху да святой мэты: быць тымі, хто працягвае адкупленчую місію Хрыста і з’яўляецца мостам паміж Богам і людзьмі, нягледзячы на сваю абмежаванасць.