Пошук

04.03.2019 11:33   Тэкст: Кс. Ігар Лашук / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

Парафія св. Казіміра ў Стоўбцах адзначыла сваю штогадовую адпустовую ўрачыстасць на некалькі дзён раней, 2 сакавіка. У гэты суботні сонечны дзень вернікі сабраліся ўпершыню пасля трагічнага 1958 года на месцы, дзе знаходзіўся будынак вельмі прыгожага касцёла, аформленага ўнутры ў стылі ракако.

Пра існаванне на гэтым месцы святыні нагадваюць рэшткі касцёльнай агароджы, якая з’яўляецца часткай сцяны невядомай гаспадарчай пабудовы. Сёння на гэтым месцы размешчаны стадыён сярэдняй школы № 2. Паводле сведчанняў, фундамент касцёла і часткова крыпта знаходзяцца пад гэтым стадыёнам.

У крыпце святыні былі пахаваныя фундатары і айцы дамінікане, якія служылі пры гэтым касцёле да скасавання ордэна расійскай царскай уладай. Сярод іх спачываюць і парэшткі Слугі Божага Фабіяна Мілашэвіча (1538–1644), першага прыёра стаўбцоўскага кляштара і будаўніка знішчанай святыні.

   

Згодна з даволі верагоднымі звесткамі, труна з рэліквіямі Слугі Божага і сёння знаходзіцца ў сутарэннях стаўбцоўскага касцёла св. Казіміра.

Выязджаючы пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчу, вернікі мясцовай супольнасці схавалі і замуравалі рэліквіі а. Фабіяна, а план, дзе яны знаходзяцца, перадалі на пачатку 2000-х гадоў сённяшняму біскупу Пінскаму Антонію Дзям’янку.

На футбольнай пляцоўцы былі ўсталяваны абраз святога Казіміра, падараваны мясцовай супольнасці парафіяй Божага Цела ў Нясвіжы, фігура святога Міхала Арханёла, якая здзяйсняе перэгрынацыю па парафіях Беларусі, працэсійны крыж, а таксама копія абраза Маці Божай Суцяшэння, якая калісьці знаходзілася ў разбуранай святыні і якую хтосьці з жыхароў горада прынёс менавіта ў гэты дзень.

На пачатку да прысутных звярнуўся са словамі падтрымкі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Затым удзельнікі ўрачыстасці памаліліся праз заступніцтва святога Казіміра. Таксама была прамоўлена малітва «Анёл Панскі» за загінулых у стаўбцоўскай трагедыі, што адбылася 11 лютага гэтага года ў сярэдняй школе № 2. Пасля благаслаўлення арцыбіскупа Кандрусевіча вырушыла працэсія да цяперашняга месца малітоўных сустрэч стаўбцоўскай парафіі, дзе будуецца новы касцёл.

Падчас працэсіі вернікі маліліся на ружанцы і праслаўлялі святога Казіміра песнямі. Потым на месцы малітоўных сустрэч адбылася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Кандрусевіч з удзелам святароў з навакольных парафій і Мінска. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады і дэпутат Алена Анісім.

«Служэнне Богу — гэта прызнанне Яго ўлады над намі. Яно праяўляецца ў захаванні Божых запаведзяў,

— адзначыў у гаміліі арцыбіскуп. — На жаль, сучасны чалавек вельмі часта жыве так, як быццам Бог не існуе. Ён абвяшчае першынства свайго закону над Божым. Прапагандуе гендарную ідэалогію, чым ставіць пад сумнеў Божы план адносна чалавечага полу і натуральнай мадэлі сужэнства. Выкарыстоўваючы самыя новыя дасягненні генетыкі, маніпулюе Божым дарам жыцця. Заклікае да абсалютнай свабоды, якая без пачуцця адказнасці вядзе да анархіі».

   

«Святы Казімір з’яўляецца прыкладам сапраўднага служэння, бо ў цэнтры свайго жыцця паставіў Бога, цаніў малітву і трымаўся маральных прынцыпаў, аб чым сведчаць яго словы на прапанаваныя яму спакусы: „Лепш памерці, чым зграшыць“. <...> Служэнне бліжняму — гэта жыццё паводле Божага закону любіць яго як самога сябе. Прыклад такога служэння дае нам святы Казімір. Хоць ён нарадзіўся, быў выхаваны і жыў у каралеўскіх палацах, тым не менш памятаў аб патрабуючых і ім служыў. Сярод жыхароў Вільні ён быў вядомы як абаронца бедных», — дадаў іерарх.

Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што апошнія падзеі як у Стоўбцах, так і ў грамадстве заклікаюць нас шырэй глянуць на прыклад жыцця св. Казіміра з мэтай вырашэння актуальных праблем.

«Перад абліччам праблем нашага грамадства Касцёл заклікае нас звярнуць увагу на асобу св. Казіміра. Менавіта ён нагадвае нам, што, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці і амаральныя тэндэнцыі, магчыма вырашаць складаныя праблемы і ўчыніць шмат добрага, калі да канца заставацца верным Богу і хрысціянскаму пакліканню», — сказаў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

На заканчэнне Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, дэкан Нясвіжскага дэканату і пробашч парафіі Божага Цела ў Нясвіжы кс. канонік Пётр Шарко, а таксама дэкан Стаўбцоўскага дэканату і пробашч парафіі св. Казіміра ў Стоўбцах кс. Ігар Лашук падпісалі акт перадачы абраза святога Казіміра парафіяльнай супольнасці ў Стоўбцах.

Пасля ў раённым доме культуры адбыўся біблійны сімпозіум, у межах якога быў прэзентаваны Новы Запавет у перакладзе на беларускую мову.

Пробашч мясцовай парафіі прачытаў даклад, у якім зрабіў экскурс у жыццё святога Казіміра.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове адзначыў: «Сімвалічна, што сённяшняя прэзентацыя беларускага перакладу Новага Запавету адбываецца ў Стоўбцах. Гісторыкі кажуць, што назва горада паходзіць ад драўляных стаўпоў, да якіх калісьці прывязвалі чаўны, каб хуткае цячэнне Нёмана не зносіла іх.

Усім вядома, што значна лягчэй плысці па цячэнні, чым супраць. Плынь секулярызму нясе нас у мора граху, з якога амаль што немагчыма выбрацца. Таму нам патрэбны духоўныя стаўпы, за якія мы можам ухапіцца і да якіх мы можам прывязаць нашыя жыццёвыя чаўны, каб яны не апынуліся на ўзбураным грахоўным моры сучаснасці. Такім стаўпом з’яўляецца вучэнне Евангелля.

       

У Стоўбцах таксама знаходзіцца парафія св. Казіміра. <…> Незадоўга да сваёй смерці, будучы цяжка хворым, ён прымаў удзел у святой Імшы ў капліцы Гродзенскага замка. Калі прыйшоў час чытаць Евангелле, усе пачалі ўставаць. Прысутныя казалі Казіміру, што ён можа сядзець, бо хворы. Ён на гэтую прапанову адказаў, што не можа сядзець, калі Езус прамаўляе да яго. Гэтыя словы святога нашай зямлі заклікаюць нас з павагай адносіцца да Божага слова, яго вывучаць і прымаць».

З дакладам на тэму перакладаў Святога Пісання на розныя мовы выступіла доктар біблійнай тэалогіі Марына Пашук.

Падчас сімпозіуму адбыліся выступленні стаўбцоўскага дзіцячага музыкальнага калектыву «Жавараначкі» і вучняў музычнай школы.

У будучыні адроджанаму святу ў гонар св. Казіміра, якое будзе штогод праходзіць у стаўбцоўскай парафіі, вырашана вярнуць гістарычную назву «стаўпецкія Казюкі».

Таксама сёлета спаўняецца 30 гадоў з дня перанясення рэліквій святога Казіміра з віленскага касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла ў віленскую архікатэдру. У гэтай маніфестацыі веры прымалі ўдзел тагачасныя ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч і студэнт Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Рызе Ігар Лашук.

Абноўлена 04.03.2019 12:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа