
25 лютага беларускія сужэнствы супольнасці Équipes Notre-Dame («Суполькі Маці Божай» — далей ÉND) далучыліся да сусветнай акцыі і адзначылі 80-ю гадавіну першай сустрэчы руху.
Сутнасць акцыі заключалася ў тым, каб аб’яднацца ў супольнай малітве і падзякаваць Пану Богу за магчымасць перадаваць добрую навiну аб сакрамэнце сужэнства праз дзейнасць у супольнасці ÉND.
Падобныя сустрэчы адбыліся ў 96 краінах свету.
У Беларусі сем’і сабраліся разам, каб супольна перажыць св. Імшы ў мясцовасцях, дзе існуе рух, між іншым, у Мінску, Лагойску, Нясвіжы і Дзяржынску. Важнай часткай сустрэч стала таксама малітва аб беатыфікацыі заснавальніка руху Слугі Божага а. Анры Кафарэля.

Пасля малітвы сем’і абмеркавалі бліжэйшыя планы дзейнасці: сямейныя пілігрымкі ў Будслаў і Тракелі, а таксама ўрачыстасці 15-годдзя дзейнасці руху ÉND у Беларусі.
Гісторыя руху сужэнскай духоўнасці ÉND распачалася 25 лютага 1939 г. з сустрэчы кс. Анры Кафарэля і чатырох сужэнстваў, якія жадалі паўнавартасна перажываць сваё хрысціянства ў сужэнскім жыцці.
У 1960 г. супольнасць ÉND атрымала першае афіцыйнае зацвярджэнне Касцёла ў выглядзе ліста кардынала Фэльтэна, арцыбіскупа Парыжа. Афіцыйнае прызнанне Касцёла стала асвячэннем вялікай справы кс. Кафарэля і сужонкаў.






























У 1975 годзе Папская рада па справах свецкіх прызнала ÉND як як прыватную арганізацыю вернікаў. Потым выйшлі яшчэ два дэкрэты гэтай Папскай рады — у 1992 г. і ў 2002 г.
Дзякуючы ахвярнаму служэнню кс. Кафарэля, за 80 гадоў дзейнасці да супольнасці ÉND далучылася каля 140 тыс. сужэнстваў. На Беларусі ÉND існуе ўжо 15 гадоў і налічвае каля 120 сем’яў-удзельнікаў.
Для таго, каб далучыцца да руху і стварыць парафіяльную суполку, звяртацца да каардынатараў руху ў Беларусі па тэл.:
+375 25 987 29 28 — Максім і Аліна Угорыч



