12–13 ліпеня адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Тракельскай пад дэвізам «Марыя, атулі нашыя сем’і».
Марыя — Заступніца для кожнай сям’і; Маці, якая слухае, атуляе сваёй пяшчотай, дапамагае несці крыж; якая разам з людзьмі ўсміхаецца і плача. Яна штодзённа падкрэслівае гэтыя словы, застаючыся вернай Пану, выконваючы давераную місію. Марыя — прыклад для кожнай сям’і, якая імкнецца трываць у шчасці, любові, адзінстве, каханні.
Марыя прыходзіць да нас, каб сказаць людзям, што ў жыцці так важна прабачыць і паяднацца, бесперапынна і пастаянна трываць у малітве.
Тракельская Пані з матчынай пяшчотай і ласкай атуляе нашыя сем’і, асвячае іх, лечыць душы. Гэта Маці, якая асвячае і ўмацоўвае нашыя сем'і і лечыць цела і душу. Яна прыходзіць да кожнага з нас, ніколі не саромеецца быць з людзьмі, не пагарджае іх зямным, духоўна-абмежаваным жыццём і пакутамі.
Памолімся ля падножжа Маці Божай Тракельскай за адзінства і святасць нашых сем’яў. Перадусім задача кожнай маці ў сям’і — прывесці сваіх дзяцей да Бога.
Сапраўдны Касцёл знаходзіцца там, дзе людзі моляцца разам з Марыяй і апосталамі. Калі ў сям’і не будзе Марыі і малітвы, то мы не прыйдзем да Хрыста. Не зменіцца сітуацыя ў сем’ях, калі мы не пераменімся да лепшага, калі не адродзіцца вернасць Богу і Яго наказам. Без такіх асаблівасцяў сям’я становіцца няўтульнай. Шчаслівыя дзеці, што маюць святых бацькоў!
Умацоўвайце свае сем’і разам з Маці Тракельскай! Яна мае час для кожнага з нас. Мае жаданне слухаць, дапамагаць, атуліць па-мацярынску. Усім гэтым Марыя дае нам матывацыю на лепшае жыццё, сілы пасля падзення, выбар паміж сапраўдным і штучным.
Прыслухайцеся да Марыі, Яна многае падкажа: як асвяціць нашыя сем’і і зрабіць іх моцнымі.
Каралева нашых сем’яў, маліся за нас!