Пошук

25.02.2019 13:52   кс. Вінцэнт Сяўрук, дыякан Януш Чарнамораў / Catholic.by

24 лютага ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах і парафіі св. Міхала Арханёла ў Вялікім Сяле адбылася кананічная візітацыя, якую здзейсніў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Вернікі разам з пробашчам кс. Вінцэнтам Сеўруком на прыкасцёльнай тэрыторыі віталі хлебам-соллю, кветкамі і спевам свайго пастыра, візіт якога з радасцю чакалі як у Пружанах, так і ў Вялікім Сяле.

Біскуп yзначаліў цэлебрацыю св. Імшаў, пасля якіх сустрэўся з рознымі парафіяльнымі групамі і ўсімі вернікамі. Гучала шмат слоў удзячнасці ад дзяцей, моладзі і прадстаўнікоў парафіі.

У гаміліі іерарх засяродзіў увагу вернікаў на таямніцы Касцёла, заснавальнікам якога з’яўляецца Езус Хрыстус.

Па словах біскупа, калі Езус прыняў крыжовую смерць за людзей і ўваскрос, Ён з’явіўся як Пан, Месія і Святар, устаноўлены навекі, а таксама спаслаў Духа Святога, абяцанага Айцом. Таму Касцёл, атрымаўшы дары ад свайго Заснавальніка Езуса Хрыста і верна выконваючы Яго запаведзі любові, пакоры і адрачэння, атрымлівае місію абвяшчэння і пашырэння Валадарства Хрыста і Бога сярод народаў і з’яўляецца парасткам і пачаткам гэтага Валадарства на зямлі.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што Хрыстус як адзіны Пасрэднік заснаваў і падтрымлівае свой святы Касцёл, які з’яўляецца супольнасцю веры, надзеі і любові, як бачную структуру, спасылаючы праз яе праўду і ласку для ўсіх. Касцёл акружае любоўю ўсіх прыгнечаных чалавечай слабасцю, бачыць ва ўсіх ўбогіх і церпячых вобраз свайго ўбогага і церпячага Заснавальніка, стараецца дапамагаць ім у бядзе і ў іх служыць Хрысту.

Касцёл — святы, хоць і ахоплівае грэшнікаў, але ў той жа час заўсёды патрабуе ачышчэння і таму ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення, дадаў біскуп.

Іерарх заклікаў вернікаў весці сакрамэнтальнае жыццё, выхоўваць дзяцей пры Касцёле, вызнаваць веру і перадаваць яе наступнаму пакаленню, сведчыць пра Хрыста сваім жыццём, маліцца аб новых шматлікіх пакліканнях да святарскага, манаскага і місійнага жыцця.

Пасля Імшы біскуп разам з пружанскімі парафіянамі накіраваўся на могілкі, дзе ў капліцы адбылася малітва за памерлых. Пасля іерарх усклаў кветкі і запаліў знічы на магілах спачылых святароў.

З гісторыі парафіі ў Пружанах

Парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пружанах была ўтворана ў 1522 годзе з ініцыятывы тагачаснага ўладальніка Вацлава Касцевіча, які з’яўляўся адначасова фундатарам першага касцёла. Актам ад 23 красавіка 1534 года сцвярджаецца, што пра яе далейшае аднаўленне дбала наступная ўладальніца — каралева Бона. З XVI стагоддзя парафія належала да Шарашоўскага дэканату Луцкай і Луцка-Брэсцкай дыяцэзіі. Пасля 1797 года стала дэканальнай парафіяй Віленскай дыяцэзіі.

Першы касцёл быў цалкам знішчаны падчас вайны ў 1660–1665 гадах. У 1857 г. пачалося будаўніцтва велічнага каменнага касцёла на месцы ранейшага драўлянага.

У канцы 1864 г. няскончаны будынак касцёла быў забраны ў католікаў на ваенныя мэты, потым перададзены Праваслаўнай Царкве. Тагачасны пробашч, ксёндз Віталіс Гонсеўскі, быў сасланы ў Архангельскую губерню. Парафіяне прыклалі ўсе намаганні, каб вярнуць будынак касцёла. У 1877–1878 гадах іх намаганні знайшлі водгук. У 1883 г. быў пабудаваны новы касцёл.

Падчас І Сусветнай вайны святыня была часткова разбурана, але адрамантавана каля 1919 г. У 1925 годзе пружанская парафія з дэканатам увайшла ў склад новастворанай Пінскай дыяцэзіі.

Ілюстрацыйнае фота: Mapio.net

У 1939 годзе ў Пружанах пачаў служыць вікарыем кс. Казімір Свёнтэк. У 1944 г. ён быў арыштаваны і сасланы ў Сібір.

Пробашч кс. Антоні Ройка ў 1946 г. быў вымушаны з’ехаць у Польшчу. У 1948 г. касцёл быў зачынены, а ў 1951 г. прызначаны домам сацыялістычнай культуры. Пазней быў цалкам знішчаны касцёльны арган, зроблены ўнутраныя пераробкі.

У пачатку 90-х гадоў касцёльны будынак не хацелі аддаць вернікам, таму на працягу кастрычніка група парафіянаў малілася на ружанцы перад сваёй святыняй. Неаднаразова людзей разганялі улады. Нарэшце ў канцы 1991 г. улады дазволілі правядзенне Імшы ў нядзелю і святочныя дні ў тэатральнай зале і аддалі вернікам на пастаяннае выкарыстанне памяшканне на другім паверсе.

1 лютага 1993 г. адбылася афіцыйная і поўная перадача будынка касцёла каталіцкай супольнасці ў Пружанах.

6 лютага таго ж года з нагоды вяртання святыні адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Казімір Свёнтэк.

З 2006 да 2016 г. у парафіі былі пробашчамі кс. Роберт Іскшыцкі СМ, кс. Ян Саламон, а з канца 2016 г. пробашчам прызначаны кс. Вінцэнт Сяўрук.

 

Абноўлена 25.02.2019 15:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.