14 лютага ў мінскай катэдральнай парафіі Найсвяцейшага Імя Марыі прайшла сустрэча сем’яў на тэму «Пакліканыя да любові».
Дэвізам сустрэчы сталі словы з адгартацыі папы Францішка Amoris Lætitia: «Радасць любові, якая жыве ў сем’ях, — гэта і радасць Касцёла».
Сустрэча распачалася св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. У гаміліі ён распавёў гісторыю св. Валянціна, які лічыцца апекуном закаханых, а таксама заахвоціў любіць сваіх бліжніх: бацькоў, сяброў, дзяцей, мужа і жонку.
Іерарх адзначыў, што найбольш карысным у гэты дзень будзе прысвяціць час для малітвы за нашых любых і каханых.
Пасля гаміліі адбылася працэсія з дарамі. Сем’і прынеслі да алтара Святое Пісанне, пярсцёнкі, абраз Святой Сям’і, хлеб і віно. Падчас літургіі вернікі маліліся і дзякавалі Богу за кожную сям’ю.
Касцёл быў напоўнены дзіцячымі галасамі. Біскуп Юрый заўважыў, што дзеці адчуваюць сябе тут вельмі спакойна і ўтульна, як дома. Ён заахвоціў вернікаў прыходзіць на св. Імшу ўсёй сям’ёй, бо супольная малітва адыгрывае важную ролю ў будаванні сямейных адносін.
Напрыканцы Эўхарыстыі адбылася малітва за сем’і, пасля якой біскуп акрапіў усіх прысутных асвячонаю вадою і ўдзяліў благаслаўленне.
Працяг сустрэчы праходзіў у так званым «дольным касцёле» на цокальным паверху святыні, дзе былі падрыхтаваныя тэматычныя зоны.
Дзіцячая зона называлася «Божыя ягняткі». Там дзеці малявалі авечак, з энтузіязмам выконвалі розныя заданні, танцавалі і проста весела праводзілі час з аніматарамі.
У дарослых было заданне пабудаваць дом з «цаглінак». Сужонкі атрымоўвалі рознакаляровыя карткі, на якіх трэба было, паразважаўшы разам, напісаць адказы на пытанні:«Што будуе вашу сям’ю? Што з’яўляецца для вас важным у сям’і?» Яны з радасцю дзяліліся адно з адным уласным жыццёвым вопытам.
Да сустрэчы парафіяльная моладзь падрыхтавала адмысловую фотазону, у якую завітала кожная сям’я, каб зрабіць агульны фоаздымак.
Удзельнікі руху «Сужэнскія сустрэчы» падзялілся досведам сямейнай любові і запрасілі ўсіх жадаючых на рэкалекцыі, мэтай якіх з’яўляецца паглыбленне і аднаўленне сужэнскай еднасці і любові.
Атмасфера на сустрэчы была сапраўды сямейная, атрымаўся цудоўны святочны вечар. Гучала прыемная музыка і ўтульна сагравала гарбата з салодкім пачастункам.
«Касцёл — гэта не толькі прыгожыя сцены, а перадусім людзі. Сям’я — гэта супольнасць любові і жыццёва важная частка Касцёла», — адзначыў катэдральны вікарый кс. Андрэй Бурак, арганізатар сустрэчы.