1 лютага Генеральны вікарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі адзначыў пятую гадавіну біскупскага пасвячэння.
З гэтай нагоды ўвечары іерарх цэлебраваў Эўхарыстыю ў супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне: установе, якой прысвяціў большую частку свайго святарскага служэння.
Семінарыйная супольнасць, удзячная біскупу Станеўскаму за ўсё, што ён зрабіў і працягвае рабіць для сваёй умілаванай Alma mater, павіншавала яго з маленькім юбілеем, а таксама ахвяравала сваю малітву ў інтэнцыі біскупа.
З усмешкай на твары біскуп прывітаў на пачатку св. Імшы выхавацеляў і семінарыстаў, якія ўважліва сачылі за ўдзелам біскупа і дэлегацыі беларускай моладзі ў Сусветных днях моладзі ў Панаме. Іерарх падзяліўся яркімі момантамі перажывання сустрэчы з папам Францішкам, а таксама ўзгадаў свае 5 гадоў біскупскага служэння: час працы і абавязкаў, адказнасці, сустрэч з людзьмі, удзялення святых сакрамантаў.
У гаміліі пастыр параўнаў семінарыю з зернем гарчыцы з евангельскай прыпавесці, якое праз нейкі час вырастае ў вялікую расліну, на якой нават селяцца птушкі. Біскуп заклікаў семінарыстаў дазволіць моцы Хрыста дзейнічаць у сабе, каб прынесці плён святасці для паўсюднага Касцёла.
Падчас св. Імшы біскуп Юзаф падзякаваў Богу за дар паўнаты святарства і ўсіх людзей, да якіх Бог пасылаў яго штодзённа, а таксама папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыі
Урачыстасць завяршылася ў семінарыйнай сталоўцы святочнай вячэрай.