26 студзеня ў мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбылося супольнае набажэнства з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў на заканчэнне Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў.
У набажэнстве, цэлебрацыю якога ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узялі ўдзел прадстаўнік папы Францішка ў Беларусі Апостальскі нунцый арцыбіскуп Габар Пінтэр, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі а. архімандрыт Ян Сяргей Гаек МІС, а таксама прадстаўнікі іншых хрысціянскіх веравызнанняў: намеснік старшыні Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па ўзаемаадносінах Царквы і грамадства а. протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, намеснік старшыні Цэркваў Саюза Евангельскіх Хрысціян Баптыстаў у Беларусі біскуп Аляксандр Лотараў, намеснік старшыні Біблейскага Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь Ігар Міхайлаў.
Штогод Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў праводзіцца з 18 па 25 студзеня. Сёлета ён быў прысвечаны тэме «Імкніся да справядлівасці» (Дрг 16, 20).
Па традыцыі, на набажэнстве прамовілі прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій, якія сабраліся ў галоўным касцёле Мінска-Масгілёўскай архідыяцэзіі на супольную малітву.
Першым са словам звярнуўся прадстаўнік галоўнай канфесіі ў нашай краіне а. протаіерэй Аляксандр Шымбалёў:
«Езус сказаў нам, што Ён — святло свету, і прызваў нас, каб мы таксама свяцілі гэтаму свету. А што для нас ёсць справядлівасць? Справядлівасць — гэта ісці за Богам і выконваць Яго волю. Спачатку зразумець, што такое воля Божая.
Для гэта трэба адрачыся ад сваёй волі: волі чалавечай; волі, якая не ведае, і прывучыцца да волі Божай, якая ведае ўсё, ніколі не сумняваецца і заўсёды ідзе толькі адным шляхам — да дабра», — сцвердзіў праваслаўны святар.
Прадстаўнік супольнасці евангельскіх хрысціян баптыстаў Аляксандр Лотараў спачатку расказаў аб канкрэтных справах, якія яднаюць пратэстантаў і католікаў.
«Сэрца Бога, напэўна, вельмі радуецца такім сумесным справам», — адзначыў пры гэтым ён.
«Справядлівасць — гэта прырода Бога, яна не ўласцівая чалавеку. А ўсялякая няпраўда — гэта прырода злога духа, які хоча намі завалодаць <…> Мы маем моц перамагаць гэтае зло ўнутры нас толькі дзякуючы смерці Езуса на крыжы. Аднак ці перамагаем мы, залежыць ад таго, наколькі блізкія адносіны мы маем з Богам у малітве», — падкрэсліў Аляксандр Лотараў.
Намеснік старшыні Біблейскага таварыства Ігар Міхайлаў прывёў у якасці прыкладу цікавае параўнанне. Аднойчы падчас канцэрта знакамітага піяніста-віртуоза ў антракце на сцэну выбег маленькі хлопчык і, сеўшы за раяль, пачаў біць па клавішах. Маці спрабавала вярнуць малога ў залу, аднак той не слухаўся. Нарэшце на сцэну выйшаў віртуоз, сеў побач з хлопчыкам і па-майстэрску дапоўніў яго какафонію цудоўнымі гукамі, у выніку чаго атрымалася неверагодна прыгожая імправізаваная мелодыя.
«Таксама і Бог можа дапоўніць тое нязграбнае, што мы робім, і зрабіць з гэтага нешта вельмі прыгожае.
Трэба толькі прыслухоўвацца да Яго і не слухацца тых людзей, якія клічуць нас вярнуцца „назад у залу“, каб не ісці разам з Богам», — зрабіў выснову прадстаўнік Біблейскага таварыства.
Грэка-каталіцкі святар а. архімандрыт Сяргей Гаек сказаў:
«Ісус Хрыстос з’яўляецца святлом для гэтага свету. І, вядома, крыніцай гэтага святла для кожнага з нас з’яўляецца Божае Слова.
Не так даўно мы ўзгадвалі 500 год выдання Бібліі Францішкам Скарынам. З іншага боку, нашыя славянскія народы мелі Біблію ўжо раней, праз Кірыла і Мятода. У гэтым годзе спаўняецца 1150 гадоў ад смерці святога Кірыла, аднаго з Салунскіх братоў.
Гэта таксама нагода для нас ацаніць яшчэ раз каштоўнасць Божага Слова, якое мы маем сёння і якое становіцца для нас крыніцай веры, надзеі і любові».
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім слове падчас набажэнства адзначыў: «Падзел хрысціянаў — гэта справа злога духа. І толькі паслухмяныя Святому Духу, мы зможам ісці шляхам жаданай Хрыстом еднасці».
Па словах іерарха, «інтэрнэт і палітыка глабалізацыі не змаглі аб’яднаць народы». Таму «неабходна вярнуцца да малітвы, каб сумесна прасіць Бога аб ласцы еднасці». «Мы павінны паказаць, што, нягледзячы на дактрынальныя адрозненні, можам быць адзінымі, асабліва ў наш час, калі свет чакае нашага хрысціянскага сведчання і абароны хрысціянскіх каштоўнасцяў», — дадаў арцыбіскуп.
«Тэма сёлетняга Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў “Імкніся да справядлівасці” заахвочвае нас прапагандаваць ідэю справядлівасці з мэтай развіцця міжхрысціянскіх адносін і ўсталявання міру. Вядома, што войны і канфлікты як на міжнародным, так і на лакальным узроўні найчасцей узнікаюць з-за адсутнасці справядлівасці.
Касцёл у сваім сацыяльным вучэнні шмат увагі звяртае па праблему сацыяльнай справядлівасці. Бог стварыў усіх людзей свабоднымі і раўнапраўнымі. Толькі выкліканая грахом чалавечая прагнасць парушае гэты парадак.
Як прадстаўнікі розных канфесій, мы пакліканы да такога выхавання нашых вернікаў, каб яны будавалі сваё жыццё на евангельскіх прынцыпах сацыяльнай справядлівасці, якія базуюцца на славутым казанні Езуса на гары, на Яго васьмі благаслаўленнях», — адзначыў пастыр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
«Сёння мы становімся пад крыжам Езуса і перапрашаем за здзейсненую несправядлівасць, якая выклікае падзелы. Як хрысціяне мы верым у Хрыстовае прабачэнне і нашае духоўнае аздараўленне. Нас яднае крыж, як знак нашага збаўлення, каб, умацаваныя Божай ласкай, мы маглі пераадолець несправядлівасць і прасіць аб міласэрнасці для тых, хто прычыніўся да яе распаўсюджвання і тым самым да паўстання напружанасцяў і падзелаў.
Сёлетні Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў прысвечаны разважанням пра складаныя сітуацыі, з якімі змагаецца сучасны свет. Гэта не толькі праблемы той ці іншай дзяржавы ці народа, але і праблемы, з якімі сутыкаюцца ўсе хрысціяне. Мы ведаем, што многія з гэтых грахоў сучаснасці закранаюць і нашы Цэрквы і супольнасці, аслабляючы сілу нашага супольнага хрысціянскага сведчання, якога чакае свет», — звярнуў увагу іерарх.
«Мы не любім цемры, баімся яе і хочам жыць у святле. Цемрай з’яўляецца падзел хрысціянаў. І наша задача — асвятліць яе, — сказаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. —
Няхай наша супольная малітва стане той свечкай, якая асветліць цемру нашых узаемаадносін, каб святло таго ж самага Евангелля, якое з’яўляецца крыніцай нашай веры, асвятляла наш супольны шлях да адзінства і будавання справядлівага свету».