Пошук


24 студзеня, ва ўспамін св. Францішка Сальскага, у сталічным касцёле св. Сымона і св. Алены (Чырвоны касцёл) адбылася пастырская сустрэча духавенства і кансэкраваных асобаў Міншчыны.

Сустрэча, як заўсёды, распачалася з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў, пасля чаго адказны за пастаянную фармацыю духавенства кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч прамовіў духоўнае настаўленне, у якім засяродзіўся на высілку, неабходным, каб быць чалавекам паклікання, па прыкладзе апекуна гэтага дня св. Францішка Сальскага.

 

Сваё настаўленне кс. Стэцкевіч угрунтаваў на духоўным фармацыйным вопыце сузаснавальніка законнай супольнасці хрыстусоўцаў кс. Ігнацыя Пасадзы, які казаў пра сродкі распазнання паклікання і яго далейшага развіцця на працягу ўсяго жыцця пакліканага. Для належнага распазнання паклікання на пачатковым этапе з гэтага навучальнага года ў Беларусі дзейнічае перадсемінарыя, у якой юнакі маюць магчымасць з дапамогаю адпаведнага духоўнага кіраўніцтва глыбей зразумець, да якога служэння кліча іх Бог.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і магчымасці споведзі распачалася св. Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

У прамоўленым Божым слове іерарх з горыччу адзначыў, што ў сучасным свеце часта можна назіраць пагардлівыя адносіны да людзей бедных і хворых, між тым як Езус не цураецца іх, пра што ідзе гаворка ў Евангеллі.

«Натоўпы ідуць за Ім, бо Ён не толькі навучае, але лечыць, суцяшае і прабачае грахі, дазваляе дакрануцца да сябе. Такім чынам людзі маюць магчымасць пазнаць Добрую Навіну пра Божую любоў да іх. Так паступаючы, Езус праяўляе сябе як пасрэднік паміж Богам і людзьмі.

Як святары, кансэкраваныя асобы і проста хрысціяне мы таксама пакліканы весці іншых да Бога і дзяліцца Добрай Навіной Божай любові з іншымі», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч, прывёўшы як прыклад такіх адносінаў жыццё св. Францішка Сальскага.

Гэты біскуп, які жыў у XVI ст., лічыў, што ўсе людзі, незалежна ад іх сацыяльнага статусу, пакліканы для святасці, і імкнуўся кожнаму дапамагчы сустрэцца з Богам.

«Як святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі мы павінны клапаціцца пра развіццё апостальства свецкіх, каб іх вера была не толькі абрадавай, а духоўна глыбокай, каб яны маглі згодна з вучэннем Касцёла адказваць на выклікі часу» перад абліччам трывожных тэндэнцый, якія пагражаюць маральнасці і традыцыйным каштоўнасцям нашага грамадства, што асаблівым чынам падкрэсліў арцыпастыр.

Падчас арганізацыйнай часткі сустрэчы арцыбіскуп Кандрусевіч павіншаваў каталіцкіх журналістаў, перадусім супрацоўнікаў партала Catholic.by і «Радыё Марыя», чыім нябесным заступнікам з’яўляецца св. Францішак Сальскі.

Было паведамлена, што для аптымізацыі пастырскай дзейнасці ў дэканатах архідыяцэзіі адказным за дзейнасць дэканаў прызначаецца дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.

На заканчэнне сустрэчы іерарх ад свайго імя падзякаваў за ахвяраванні, сабраныя на адбудову знішчанай пажарам плябаніі ў Волме, пасля чаго ад імя мясцовых парафіянаў словы падзякі выказаў таксама іх пробашч кс. Валянцін Станкевіч.

Наступная пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе 14 лютага ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі, пробашч якога кс. канонік Антоні Клімантовіч у гэты дзень адзначыць свой 50-гадовы юбілей.

Абноўлена 24.01.2019 17:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.