Пошук

23.01.2019 08:29   Фота: Біскуп Юзаф Станеўскі, кс. Юзаф Сярпейка / Catholic.by

21 студзеня ў Панаме завяршыліся мерапрыемствы ў дыяцэзіях, што папярэднічалі Сусветным дням моладзі, у якіх бяруць удзел таксама прадстаўнікі Беларусі.

Нашых суайчыннікаў прымалі вернікі панамскай дыяцэзіі Калон-Куна. Як адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі, які суправаджае на Сусветных днях моладзі дэлегацыю з Беларусі, гэта вельмі бедная частка краіны. Людзі там жывуць вельмі сціпла, у невялікіх хацінках.

«Калі папа Францішак у Кракаве сказаў, што наступныя Дні моладзі пройдуць у Панаме, здавалася, што гэта вельмі далёкая краіна і вельмі маленькая, што яна не зможа прыняць усіх удзельнікаў. Але сёння, калі мы прыбылі сюды, мы зразумелі, што гэта — Божы Провід.

Панама — не далёкая краіна; яна блізкая, таму што тут жывуць такія самыя вернікі, як і ў Беларусі, па тых жа самых запаведзях Езуса Хрыста. Гэта краіна не малая, бо яе жыхары маюць вялікае сэрца.

Яны адкрылі свае сэрцы, свае дамы і дзяліліся з намі і кавалкам хлеба, і шклянкай вады, і рабілі ўсё, каб толькі нам было добра. Яны вельмі радуюцца гэтай магчымасці. Яны няшмат ведаюць пра Беларусь, але распытваюцца з вялікай цікавасцю, разглядаюць паштоўкі, якія мы прывезлі з сабой. Ім падабаюцца нашыя касцёлы, нашая зеляніна, не выпаленая сонцам, як у Панаме», — распавёў пра плён «народнай дыпламатыі» біскуп з Беларусі.

Вялікае здзіўленне беларускіх дэлегатаў выклікала тое, што нейкая група моладзі здалёк пазнала сцяг і пачала гучна вітаць іх воклічамі: «Беларусь! Беларусь!» Аказалася, што гэта была моладзь з Венесуэлы. На пытанне пра тое, адкуль яны ведаюць нашу краіну, адзін юнак адказаў: «Сябры пазнаюцца ў бядзе». Такім чынам ён засведчыў пра тое сапраўднае, што яднае людзей, незалежна ад палітычнай кан’юнктуры і вялікай адлегласці: дабро не мае межаў.

«Хтосьці казаў, што для таго, каб не толькі ўбачыць прыгажосць кветак, але і адчуць іх водар, трэба падысці бліжэй і схіліцца. Тут, у Панаме, мы вельмі блізка падышлі, дакрануліся да моладзі з усяго свету. І мы можам сказаць, што Касцёл — гэта не проста прыгожа; што Касцёл — гэта ўсе мы. Мы адчулі, як б’ецца сэрца іншага чалавека, маладога чалавека», — кажа біскуп Юзаф.

Ад імя беларускіх дэлегатаў іерарх перадаў прывітанне ўсім, хто моліцца за іх у Беларусі.

«І мы абяцаем у гэтай вельмі-вельмі гарачай краіне — і надвор’ем (бо тут 35 градусаў), і гарачынёй сэрцаў мясцовых вернікаў, — што будзем прасіць для вас Божага благаслаўлення. А мы будзем старацца тут, у Панама-сіці, падчас катэхезаў і супольных малітваў разважаць над словамі пакорнай Слугі Пана Марыі, каб за Ёю паўтарыць: „Няхай мне станецца, Пане, паводле Твайго слова“», — запэўніў біскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 23.01.2019 14:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа